Мінадукацыі адрэагавала на адкрыты ліст настаўнікаў. Гэта, хутчэй, «не»


Настаўніца Кацярына Мяцельская вядзе онлайн-заняткі з вучнямі першага класа прыватнай школы «Stembridge» у Менску ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса. 24 сакавіка 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

У адказ на адкрыты ліст настаўнікаў з просьбай перагледзець рашэнне аб неатэстацыі школьнікаў, якія вучацца дыстанцыйна, Міністэрства адукацыі ў сваім «Тэлеграме» раскрытыкавала незалежныя медыі. У трох тэзісах.

Тэзіс першы. Недзяржаўныя медыі пераабуваюцца ў скачку

Паводле чыноўнікаў, буйныя незалежныя парталы «пераабуліся ў скачку»: спачатку яны, маўляў, пераконвалі, што беларуская школа не можа працаваць выдалена, бо «настаўнікі не ведаюць камп’ютару», а цяпер занялі пазіцыю Ганны Севярынец і пішуць, што настаўнікі «максімальна эфектыўна наладзілі навучальны працэс».

Тэзіс другі. Ацэнкі медыяў – непраўдзівыя

Паводле ведамства, апазіцыйныя медыі рэгулярна паведамляюць пра загружанасць настаўнікаў, але адкрыты ліст настаўнікаў, хутчэй, дэманструе, што шараговы настаўнік мае масу вольнага часу, каб такія лісты пісаць.

«Гэта нагода задумацца пра тое, што ацэнкі, якія распаўсюджваюцца ў СМІ, як мінімум не адпавядаюць рэчаіснасці», – працягвае Мінадукацыі.

Тэзіс трэці. Беларускія ўлады – гуманныя

Паводле Мінадукацыі, апазіцыйныя СМІ «разганяюць» (ужытае менавіта гэтае слова) пра надзвычайную рэпрэсіўнасць беларускай сістэмы адукацыі, а прыклад аўтаркі звароту сведчыць, што за крытыку ўлады ў Беларусі настаўнікаў не пазбаўляюць працы.

«Гэта наглядна дэманструе гуманізм беларускай сістэмы ўладных дачыненняў, а не яе «нечалавечнасць», як сцвярджаецца ў загалоўку ліста Ганны Севярынец», – падсумоўвае ведамства.

Пра перагляд рашэння аб неатэстацыі школьнікаў, якія навучаюцца ўдома пры дапамозе інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогіяў, Міністэрства фактычна не адказала, але дадало, што вучоба ў школах адбываецца згодна з рашэннямі Аляксандра Лукашэнкі.

Hавiны
«Прыйшлі 25 %». Бацькі павялі дзяцей у школы, не зважаючы на пандэмію каронавіруса?
2020.04.20 17:57

17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць пачынаць навучальны працэс, бо «ВРВІ ўжо скончыліся», а ў вёсках наагул ідзе пасяўная.

«Куды падзець дзяцей?» – пытаў Лукашэнка падчас паездкі на Гарадзеншчыну.

Заняткі ў новай чвэрці распачаліся 20 красавіка (павінныя былі шостага красавіка, але праз эпідэмію каронавіруса Мінадукацыі двойчы працягвала канікулы на тыдзень).

25 красавіка настаўніца Ганна Севярынец накіравала адкрыты ліст Міністэрству адукацыі, у якім просіць перагледзець рашэнне не атэставаць у чацвёртай чвэрці вучняў, якія па рашэнні бацькоў навучаюцца ўдома пры дапамозе інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогіяў: адзначаць у журналах іх адсутнасць, не выстаўляць у класныя журналы адзнакі за дамашнія работы і тым самым закрыць ім доступ да паўнавартаснага адукацыйнага працэсу.

Пад лістом падпісаліся яшчэ 22 настаўнікі.

Паводле аўтараў звароту, навучанне праз інтэрнэт можа быць эфектыўным, а рашэнне пазбавіць дзяцей права на атэстацыю перакрэсліць давер паміж настаўнікамі, вучнямі і іх бацькамі.

«Мы кідаем іх адзін на адзін з праблемай у вельмі няпростай сітуацыі. Мы перастаем даваць ім тую зваротную сувязь, якую яны зараз павінны мець ад нас і на якую маюць права. Мы распісваемся ва ўласнай бездапаможнасці. Гэта не толькі непедагагічна, гэта – не па-чалавечы», – лічаць настаўнікі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў