Мінабароны заклікае быць уважлівымі: па беларускім аўтадарогам пойдзе бранятэхніка


Мінабароны Беларусі просіць жыхароў населеных пунктаў і кіроўцаў транспартных сродкаў быць як мага больш уважлівымі пры перамяшчэнні вайсковай тэхнікі па аўтадарогах краіны.

«У межах правядзення мерапрыемстваў комплекснай праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці Узброеных Сілаў з 29 да 30 студзеня 2019 года шэраг падраздзяленняў, якія прыцягваюцца да праверкі, будуць выконваць вучэбна-баявыя задачы, у тым ліку звязаныя з перамяшчэннем гусенічнай і колавай тэхнікі па аўтадарогах рэспубліканскага значэння ў Берасцейскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Менскай абласцях», – заявілі ў Мінабароны.

Нагадаем, 29 студзеня згодна з рашэннем міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова распачалася «комплексная» праверка баявой гатовасці беларускай арміі.

Міністэрства абароны правярае аператыўны і тактычны ўзровень ваенных органаў, механізаваныя і танкавыя часткі, падраздзяленні сілаў спецаперацыяў, а таксама войскі тэхнічнага і тылавога забеспячэння.

У межах праверкі плануецца прызваць з запасу каля 1400 чалавек, а таксама атрымаць 20 адзінак тэхнікі з дзяржаўных органаў і арганізацыяў.

Для стварэння абстаноўкі, блізкай да рэальнай, дзеянні ўмоўнага праціўніка будуць імітаваць падраздзяленні сілаў спецыяльных аперацыяў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў