Мінабароны Расеі распавяло падрабязнасці гібелі ІЛ-20. Кажуць, што вінаваты Ізраіль


Сюжэт «Вот так» пра збіты расейскі самалёт ІЛ-20

Прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў падчас брыфінгу раскрыў падрабязнасці гібелі ІЛ-20 у Сірыі.

Паводле яго, сірыйская СПА спрацавала на манеўр ізраільскага знішчальніка «F-16» побач з ІЛ-20, што і прывяло да трагедыі.

«Пасля ўдару ізраільскія самалёты ізноў занялі зону дзяжурства на аддаленні 70 кіламетраў на захад ад узбярэжжа Сірыі, паставіўшы радыёэлектронныя перашкоды, і, верагодна, рыхтуючыся да нанясення паўторнага ўдару. А 21.59 адзін з ізраільскіх самалётаў пачаў манеўр у напрамку ўзбярэжжа Сірыі, збліжаючыся з Іл-20, што здзяйсняў заход на пасадку. Гэта было ўспрынята разлікамі сірыйскіх СПА як новая атака ізраільскай авіяцыі», – заявіў падчас брыфінгу Ігар Канашэнкаў.

Ён назваў варожымі дзеянні ізраільскага пілота «F-16», адзначыўшы, што той не мог не разумець, што ІЛ-20 стане пераважнай мішэнню для СПА, і фактычна прыкрыўся ім.

«Гэта або непрафесіяналізм, або злачынная нядбайнасць», – заўважыў Канашэнкаў.

Расейскі вайсковы самалёт Іл-20 быў збіты сірыйскімі сіламі СПА 17 верасня, пасля таго, як ізраільскія знішчальнікі нанеслі некалькі ўдараў па тэрыторыі краіны. У выніку загінулі 15 расейскіх вайскоўцаў.

У сваю чаргу Ізраіль ускладвае адказнасць за гібель на Сірыю і Іран, сцвярджаючы, што наносіў удары менавіта па іранскіх аб’ектах у Сірыі. Ізраільскія вайскоўцы кажуць, што калі сірыйская СПА адкрыла агонь, знішчальнікі ўжо паразілі ўсе мішэні ў Сірыі і паспелі вярнуцца ў паветраную прастору сваёй краіны.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў