Мінабароны паведаміла, калі вывядуць расейскія войскі


У Нацыянальным прэс-цэнтры адбыўся брыфінг «Аб пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва», прысвечаны сумесным расейска-беларускім стратэгічным вучэнням «Захад-2017».

Брыфінг правёў начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Мінабароны Беларусі Алег Воінаў. Belsat.eu сачыў за найважнейшымі заявамі падчас брыфінгу, які працягнуўся ўсяго 20 хвілінаў. Магчымасці задаць пытанні журналісты не атрымалі.

15:20 «Асабовы склад і тэхніка беларускага войска вярнуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі да 30 верасня, расейскія войскі тэрыторыю Беларусь у гэты ж тэрмін пакінуць». Алег Воінаў яшчэ раз падкрэсліў абарончы характар вучэнняў і завяршыў брыфінг.

15:19 Воінаў:«Міжнародныя назіральнікі будуць інспектаваць не толькі палігоны, але і іншыя месцы з мэтай выяўлення незадэклараванай ваеннай тэхнікі». Беларусь запрасіла назіральнікаў з Украіны і 5 краін НАТА. Акрамя таго, Воінаў звярнуў увагу на тое, што на вучэнні«акрэдытаваныя 280 журналістаў, большасць з іх – замежныя».

15:15 Воінаў нагадвае, што колькасць вайскоўцаў і тэхнікі, якія задзейнічала НАТА летась на вучэннях «Anaconda», значна перавышае паказнікі «Захаду-2017». «Мы ніколі гэтым не папракалі НАТА», – кажа ён.

15:10 Спікер адзначае, што ўсе манеўры будуць весціся на адлегласці ад дзяржаўных мяжы, каб выключыць заклапочанасць суседніх краін. Ён падкрэслівае, што фактары, якія вызначылі змест вучэнняў  – міралюбная палітыка Беларусі, адсутнасць тэрытарыяльных прэтэнзій, «знаходжанне ў саюзе з Расіяй з мэтай захавання нацыянальнай бяспекі».

15:07 Воінаў яшчэ раз пералічвае спіс палігонаў. Вайскоўцы абедвюх дзяржаў адпрацуюць: прыкрыццё ўчасткаў мяжы, пошук, блакаванне і ліквідацыю сепаратысцкіх фармаванняў і іх ДРГ, паражэнне праціўніка, вядзенне бою і падтрымка авіяцыі.

15:06 Воінаў пра легенду вучэнняў: «Паводле падобнага сцэнару пачыналіся ўсе міжнародныя канфлікты ў апошні час». Ён адзначае, што Беларусь у гэтых вучэннях бярэ на сябе абавязацельства па стабілізацыі сітуацыі, а Расея аказвае ёй падтрыманне.

15:05 Алег Воінаў пачаў прамову: ён агучвае тэму і мэты вучэнняў. Тэрмін вучэнняў – з 14 па 20 верасня.

Нагадаем, на папярэднім брыфінгу 29 жніўня начальнік Генштабу генерал-маёр Алег Белаконеў падкрэсліў, што вучэнні маюць выключна абарончы характар і не нясуць пагрозы для еўрапейскай супольнасці ў цэлым і для суседніх краін у прыватнасці.

Тады ж Мінабароны прэзентавала ўмоўную геапалітычную абстаноўку на час манеўраў. Паводле легенды, ЛубеніяВесбарыя і Вейшнорыя – тры ўмоўныя краіны-суперніцы, якія вырашылі напасці на Беларусь і Расею. Тэрыторыя Лубеніі супадае з паўночна-ўсходняю часткай Польшчы і паўднёва-заходняю часткай Літвы. Вейсбарыя – часткова з Латвіяй і Літвою.

Увагу грамадства прыцягнула Вейшнорыя, якая ў сцэнары «Захаду-2017» супала з Гарадзенскай вобласцю. Менавіта на Вейшнорыі войскі Саюзнай дзяржавы плануюць адпрацоўваць навыкі барацьбы з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі.

Паводле афіцыйных дадзеных удзел у манеўрах возьмуць прыкладна 13 000 вайскоўцаў, з якіх 3 000 – расейскія. Вучэнні пройдуць на сямі палігонах: авіацыя будзе трэніравацца ў Ружанах і Даманаве, артылерыя – на мясцовасці каля селішча Дрэтунь, танкавыя падраздзяленні – у Барысаве, стралковыя – у Лепелі, дэсантнікі – на палігоне Ласвіда. Таксама вучэнні адбудуцца на агульнавайсковым палігоне пад Асіповічамі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў