Мінабароны прапанавала ўвесці для студэнтаў новыя правілы адтэрміноўкі ад войска і прывілеі для тых, хто адслужыў


Жаўнеры выконваюць задачы па выяўленні і знішчэнні праціўніка. Фота REUTERS/Vasily Fedosenko

Пра ініцыятыву ўвесці для студэнтаў з адтэрміноўкай абавязковыя вайскова-ўліковыя спецыяльнасці заявіў міністр абароны Андрэй Раўкоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

«Мы рыхтуем прапанову, каб той, каму далі адтэрміноўку ад службы, пры атрыманні адукацыі абавязкова засвоіў вайскова-ўлiковую спецыяльнасць. Таксама прапанавалі, каб чалавек пасля службы ў дачыненні да іншых маладых людзей, якія ўхіляюцца ад войска, пры роўных балах меў перавагі пры паступленні, засяленні ў інтэрнат і размеркаванні », – сказаў Раўкоў.

Кіраўнік міністэрства звярнуў увагу на тое, што «моладзь неахвотна сёння ідзе служыць у войска».

«Цяпер, у сувязі з тым, што доўгі час мы па вялікім рахунку жылі ў міры і спакоі, ужо цэлыя пакаленні выраслі, і людзі лічаць, што «так, армія ёсць, я яе паважаю, але служыць я там, напэўна, не буду». Роля абаронцы сваёй Радзімы як сацыяльная роля памяншаецца да таго разумення, што ён (беларус прызыўнога ўзросту) уяўляе армію як атрыбут дзяржавы, што яна такая існуе, але гэта без яго», – выказаўся ён.

Андрэй Раўкоў нагадаў, што ў кастрычніку мінулага года Лукашэнка «востра пазначыў гэтую праблему». Цяпер Мінабароны, паводле словаў Раўкова, рэгулярна адсочвае думкі маладых людзей, праводзіць анкетаванне сярод тых, хто прайшоў тэрміновую службу. З гэтых апытанняў нібыта вынікае, што 84% апытаных лічаць: «войска дало ім толькі станоўчыя эмоцыі».

Раней Раўкоў, распавядаючы пра магчымае ўнясенне змяненняў у заканадаўства ў пытаннях давання адтэрміноўкі, адзначаў: «Вядома, гэта не будзе аб’ёмна, але з пэўнай ступенню неабходнасці, захаваннем прынцыпаў разумнай дастатковасці і сацыяльнай абароны грамадзян». Гэтак, застануцца адтэрміноўкі ў сувязі з сямейным становішчам, станам здароўя.

KA, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары