Мінабароны Беларусі зняпраўдзіла заяву Турчынава аб расейскай вайсковай авіяцыі ў Бабруйску


Міністэрства абароны Беларусі катэгарычна зняпраўдзіла заяву сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандра Турчынава, зробленую ім у «Фэйсбуку».

Прадстаўнік украінскага ваенна-палітычнага кіраўніцтва абвясціў, што Расея перакінула свае вайскова-транспартныя самалёты, знішчальнікі Су-27 і баявыя верталёты на аэрадром у Бабруйску.

«Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці», – заявіў БелаПАН начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімір Макараў.

У верасні 2015 года прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін даручыў Міністэрству абароны і МЗС Расеі правесці з Менскам перамовы і падпісаць пагадненне аб размяшчэнні ў Беларусі авіябазы. Праз некалькі тыдняў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гаворкі аб размяшчэнні расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося. «Нам не трэба база сёння, тым больш вайскова-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраенні. Пра што я публічна таксама гаварыў Пуціну і раней Мядзведзеву», – адзначаў Лукашэнка 6 кастрычніка. Пазней ён неаднаразова закранаў гэтую тэму, кожны раз падкрэсліваючы, што расейская авіябаза Беларусі не патрэбная.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў