Мінабароны Беларусі – рэформа або самазабойства

ВІДЭА

Стаўка ваенных чыноўнікаў на колавую паруку і замоўчванне злачынстваў замест барацьбы з імі пагражае беларускай арміі яшчэ большым адрывам ад грамадства, дэградацыяй і стратаю баяздольнасці, піша Аляксандр Гелагаеў.

Следчы камітэт абвесціў, што 21-гадовы жаўнер Аляксандр Коржыч, якога знайшлі павешаным у сваёй вайсковай частцы, здзейсніў самазабойства. Пры гэтым раней афіцыйна паведамлялася, што ногі павешанага жаўнера былі звязаныя, а на галаву была нацягнутая майка. Следчы камітэт лічыць, што Аляксандра Коржыча давялі да самазабойства сяржанты.

Рэванш?

Цяпер тыя людзі, якія спачатку намагаліся схаваць сам факт злачынства замест таго, каб казаць праўду і наводзіць парадак у вайсковых частках, выстаўляюць сябе героямі.

«Крымінальныя справы ўзбуджаліся і будуць узбуджацца па наймалейшых фактах адступлення ад статуту. У адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі Міністэрства абароны камандзір атрымлівае поўную падтрымку, калі своечасова выяўляе факт злачынства і прымае захады ў адпаведнасці з заканадаўствам», – заявіў учора прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Уладзімер Макараў.

Уладзімір Макараў. Фота – vsr.mil.by

Аднак акурат ідэалагічны апарат Міністэрства абароны раней рабіў усё, каб справа Аляксандра Коржыча засталася звычайным суіцыдам. Замест таго, каб прызнаць віну сваіх функцыянераў (іх цяжка назваць афіцэрамі), прапаганда Мінабароны нападала на грамадзянскіх актывістаў, якія патрабавалі пачаць следства адносна смерці жаўнера, фактычна хаваў вінаватых у забойстве.

Быў нават заблакаваны рэсурс, на якім збіраліся подпісы з патрабаваннем перадачы справы аб смерці жаўнера ў пракуратуру і адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова.

Толькі праз гучную кампанію ў СМІ, інтэрнэце следчыя органы заняліся справай Аляксандра Коржыча. Міністр абароны Андрэй Раўкоў выказаў свае спачуванні сям’і жаўнера самым апошнім – нават пасля прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Імклівая дэградацыя

У выніку нават той, хто з жаданнем ідзе служыць у войска, той хто мае добрую матывацыю, сутыкаючыся з рэаліямі і ўмовамі службы, задумваецца, наколькі высокія словы вайсковых і цывільных урадоўцаў пра службу Радзіме адпавядаюць праўдзе.

Моладзь, якая не хоча служыць у арміі савецкага ўзору, дзе да яе ставяцца як да гарматнага мяса і быдла, не ідзе ў вайсковыя навучальныя ўстановы. Нізкі конкурс у вайсковых ВНУ не дазваляе арміі выбіраць лепшых – у выніку падае якасць афіцэрскага складу.

Прысяга беларускага жаўнера. Фота – «Ваяр».

Дрэннае фінансаванне, умовы службы, хамскае стаўленне да людзей прыводзяць да таго, што часта ў арміі застаюцца прафесійна служыць тыя, хто няздольны знайсці сабе нейкае іншае месца ў жыцці.

Адбываецца адмоўны адбор кадраў. А зніжэнне якасці кадравага складу арміі робіць сітуацыю ў ёй яшчэ горшай.

Такім чынам беларускае войска пераўтвараецца ў сучаснай сітуацыі ў сістэму, якая сама сябе зʼядае.

Хвароба арміі – хвароба дзяржавы

Невядома, ці ёсць цяпер у Мінабароны кадравы патэнцыял, каб змяніць палітыку адносна выкаранення злачыннасці ў беларускай арміі, зразумець, што празрыстасць і шчыльная сувязь з цывільным грамадствам дапаможа войску, а не нашкодзіць.

Што, нарэшце, лепей паказальна садзіць злачынцаў і адкрыта казаць пра свае праблемы, чым хаваць іх.

Беларуская дзяржава яшчэ ў значнай ступені прасякнутая марксісцкім духам, у якім чалавек – толькі рэсурс, а беларускія сілавыя ўстановы, асабліва армія, выглядаюць яшчэ больш саветызаванымі, чым установы цывільныя. Напэўна, па гэтай прычыне падзеі ў нашай арміі, калі яны робяцца вядомыя грамадству, найбольш ярка паказваюць наступствы гэтай невылечнай хваробы.

Курсанты Ваеннай акадэміі. Фота vsr.mil.by

Проста загадамі і дырэктывамі сітуацыю ў нашай арміі змяніць не атрымаецца. Каб грамадства зразумела праблемы арміі, армія павінна стаць адкрытай для грамадства і гатовай да супрацы з ім – напрыклад, праз цывільны кантроль у Міністэрстве абароны.

А пакуль паводзіны чыноўнікаў у пагонах і без аслабляюць беларускую армію, падрываюць аўтарытэт беларускай дзяржавы і саму ідэю беларускай дзяржаўнасці, якую армія павінна абараняць.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары