Мільённыя кантракты і «чай з малінавым варэннем». У якой атмасферы праходзіць першы дзень Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны?


Першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны распачаўся ў Гомлі 25 кастрычніка і працягнецца два дні. Топ-падзея – запланаваная на заўтра сустрэча кіраўнікоў дзвюх дзяржаваў, а пакуль гомельцы і госці форуму бавяць час на выставе-кірмашы, дзе пабывала і карэспандэнтка belsat.eu.

«У цэнтры добры асфальт памянялі на добры асфальт»

Напярэдадні, уязджаючы ў вечаровы Гомель, заўважаем на ліхтарах украінскія сцягі побач з беларускімі, а на шматлікіх білбордах уздоўж дарогі – лагатып форуму. Мясцовыя жыхары назіралі падрыхтоўку да падзеі яшчэ за некалькі тыдняў. У цэнтры гораду выкладалі плітку арнаментам, фарбавалі будынкі і нават пыласосілі траву. Сапраўды, чысціня адразу кідаецца ў вочы і выглядае трохі штучна.

«Як рыхтаваліся? Ды як звычайна. Памянялі добры асфальт на добры асфальт, добрую плітку – на добрую плітку. Хіба гэта не марнаванне бюджэтных грошай? А заедзеш у двары – там яміны такія, што ў іх колы аўтаў правальваюцца», – кажа наш кіроўца таксі.

Мужчына сталага веку мяркуе, што станоўчага эфекту ад форуму звычайным людзям адчуць на сябе не давядзецца.

«Прэзідэнты жывуць у сваім свеце, бачаць народ у акенца, пакуль картэж едзе. А нам на жыццё ледзь хапае. Я, напрыклад, вымушаны быў пайсці працаваць у таксі, хоць маю дзве вышэйшыя адукацыі», – скардзіцца суразмоўца.

Паводле меркавання рэгіянальнага каардынатара руху «За свабоду» Аляксея Атрошчанкава, улады выдаткавалі празмерныя сродкі на добраўладкаванне некаторых раёнаў Гомля.

«На дарозе ад аэрапорту, адкуль будзе ехаць Парашэнка, пераклалі ўвесь асфальт, хаця ў тым аэрапорце пару самалётаў за месяц прызямляюцца. А ў гарадскі сквер нагналі чалавек дзвесце рабочых, каб пакласці плітку ў сціслыя тэрміны. Паказуха, адным словам», – гаворыць Аляксей.

За месца на кірмашы рамеснікі заплацілі 30 рублёў

Выстава-кірмаш, на якой беларускія і ўкраінскія майстры дэманструюць свае вырабы, адбываецца ля Палацу лёгкай атлетыкі і займае квартал.

 

У сам Палац лёгкай атлетыкі патрапіць сёння ў нас не атрымалася – там праходзіла беларуска-украінская канферэнцыя ў пытаннях эканамічнай супрацы. Прэсу пускалі выбарачна, у асноўным, на месцы працуюць дзяржаўныя СМІ. Як паведамілі belsat.eu удзельнікі ўкраінскай дэлегацыі, з іх боку прысутнічае, сярод іншых, кіраўніцтва дылерскай сеткі «БелАЗ» і «Метінвестхолдынгу».

«БелАЗ ужо падпісаў кантракт на 30 мільёнаў», – адзначае адзін з удзельнікаў, але назваць дэталі пакуль адмаўляецца. «Давайце лепей заўтра, пасля сустрэчы прэзідэнтаў».

Вяртаемся на выставу. На вуліцы ў намётах гандляры расклалі свой тавар: хэнд-мэйд упрыгожванні, вопратку ў нацыянальным стылі, ільняныя цацкі, іконы і нават ежу.

На некалькіх сталах, якія стаяць побач, ляжыць запечаная курыца, піражкі, рыба. «Не, пакаштаваць нельга, гэта для дэлегацыі!», – тлумачаць нам.

На адным са стэндаў частуюць усіх ахвотных. Гарачую травяную гарбата з малінавым сочывам нам прапануе дырэктарка Гомельскага гісторыка-краязнаўчага музею Кацярына Варабей. Акуратныя шклянкі з «фірмовым» варэннем абгорнутыя ў ружовую тканіну.

«Маліна – наш уласны брэнд! Вырошчваем у аграгарадку Пакалюбічы Гомельскай вобласці. Усё на ўласныя сродкі музею. Людзям вельмі падабаецца, бяруць ахвотна», – з гонарам распавядае жанчына.

Дом культуры вёскі Губічы Буда-Кашалёўскага раёну прыехаў у Гомель у поўным складзе.

«Ведаем, што прэзідэнт будзе, але мы ж яго хіба нават не пабачым… Нас гэта ня тычыцца. Нашая задача тут – весяліць людзей Вось адгадайце загадку: у вадзе сохне, у агні мокне – пра што гаворка, а? Не ведаеце? Гэта воск!», – залівіста смяецца густа нафарбаваная жанчына ў рознакаляровай сукенцы.

«Если пьешь, то пей красиво, пей российское пивко»

Майстры кажуць, што ім весела працаваць на кірмашы, нягледзячы на халоднае надвор’е. Аднак задаволеныя не ўсе. Увагу прыцягвае намёт, дзе раскладзеныя розныя стылёвыя рэчы ў бел-чырвона-белых колерах. Дырэктар крамы беларускай вопраткі і аксесуараў belarusam.by Уладзімір Раманоўскі распавядае:

«Рэгістрацыйны збор за ўдзел – 30 рублёў. Яшчэ 20 мы заплацілі за арэнду тэнта сёння і столькі ж заплацім заўтра. Пры гэтым месца, якое нам прапанавалі – зусім шматлюднае. Ад 10 раніцы мы выручылі толькі 20 рублёў».

Прадпрымальнік сцвярджае, што на кірмашы падчас «Славянскага базару» у Віцебску за 10 дзён ён заплаціў 90 рублёў.

«А тут арганізатары, Беларуская гандлёва-прамысловая палата, проста дапамагае дзяржаве няблага на нас «падняцца». Заўважце, прыватнікаў зусім мала, большасць удзельнікаў – дзяржаўныя ўстановы, якія выконваюць «абязалаўку». Дарэчы, з Украіны тут толькі пяць намётаў», – кажа Уладзімір.

Сапраўды, украінскіх гандляроў мала. У асноўным, на кірмашы прадстаўленая Чарнігаўская вобласць, ёсць і некалькі чалавек з Сумаў. «Тавар пакуль не вельмі бяруць», – скардзяцца яны.

Тым часам на імправізаванай сцэне, побач з накрытымі для дэлегацыі сталамі, пачынаецца музычная праграма. Пляцоўка чамусьці ўпрыгожаная савецкім сцягам. Навокал ходзяць хлопцы ў касцюмах чырвонаармейцаў. Пасля шлягераў 80-х раптам гучыць песня з дзіўнымі словамі ў куплеце «Если пьешь, то пей красиво, пей российское пивко». Хлопец з расчырванелымі шчокамі кідаецца танчыць, прыкусваючы бублік.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў