Міліцыянты зладзілі рэйд на Ждановічах у пошуках нелегальных мігрантаў


Фота – Любоў Ягоранкава/«Минск-Новости»

Сталічная міліцыя ў суправаджэнні АМАПу правялі рэйд на кірмашы «Ждановічы», каб спраўдзіць у замежных працаўнікоў рэгістрацыю і дазвол на права займацца працоўнай дзейнасцю.

Сярод гандляроў было шмат выхадцаў з Азербайджану, Кыргызстану і Грузіі, трапляліся і прадстаўнікі з Малдовы і Украіны, піша карэспандэнтка выдання «Минск-Новости», якая прайшлася з міліцыянтамі па шэрагах з гароднінай.

Фота – Любоў Ягоранкава/«Минск-Новости»

Калі інспектарка затрымалася ля прылаўку з апельсінамі і гранатамі ды папрасіла аднаго з работнікаў паказаць дакументы, ён крыху занерваваўся і стаў корпацца ў кішэнях. На пытанне, адкуль ён прыехаў, мужчына адказаў: «Не ведаю. З Азербайджану». Таксама ў яго была толькі копія дазволу на працу.

Калі прадавец на наступны дзень прыйшоў у падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі, высветлілася, што дазвол ён мае, але ў папярэдні дзень ён працаваў у іншага наймальніка. У выніку азербайджанцу далі штраф у памеры Br 98.

Фота – Любоў Ягоранкава/«Минск-Новости»

Падчас размовы з мужчынам, які перастаўляў скрыні з таматамі, той сказаў інспектарцы, што тут не працуе, а «проста стаіць». Пашпарту з сабой у яго не было. Раптам падбегла дзяўчына і сказала, што гэта яе муж, і паказала пасведчанне аб шлюбе.

«Мы тут збіраліся з жонкай купляць дахаты памідоры», – сказаў мужчына.

Калі ім прапанавалі прайсці ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі, замежнік прызнаўся, што ён не муж, а брат мужа гэтай дзяўчыны. Ён прыехаў у Менск з Салігорску, а навошта падманвае інспектара, «не ведае».

Фота – Любоў Ягоранкава/«Минск-Новости»

Калі інспектарка падышла да прылаўка з перцам, гандляр сказаў, што не працуе тут, а «проста зайшоў». Раптам падышла жанчына і спытала ў мужчыны, чаму ён не грузіць ейныя 15 скрыняў перцу і колькі ёй яшчэ чакаць. Той заявіў, што нічога тут не прадае, а жанчыну наогул не ведае.

Інспектарка канфіскавала ягоны пашпарт і запатрабавала прыехаць у падраздзяленне. На наступны дзень мужчына прызнаўся, што працуе грузчыкам, жыве ў Барысаве, а дазволу ў яго няма. Яго аштрафавалі.

Фота – Любоў Ягоранкава/«Минск-Новости»

Паводле міліцыянтаў, парушэнняў сярод працоўных мігрантаў становіцца ўсё менш, бо «міграцыйнае заканадаўства становіцца больш дэмакратычным».

ДД

Стужка навінаў