Міліцыянты затрымалі нафтавікоў у Мазыры


Вядучыя інжынеры «Мазырскага НПЗ» апынуліся за кратамі. Міліцыянты затрымалі васьмярых працаўнікоў заводу, якія зрабілі фота каля заводу. Інжынеры сталі з плакатамі, на якіх напісалі сваю пасаду. Твары на фоты схавалі, але кіраўніцтва НПЗ дапамагло міліцыянтам ідэнтыфікаваць працаўнікоў. Цяпер інжынерам пагражае адміністрацыйная адказнасць, распавёў «Белсату» былы працаўнік НПЗ Юры Чаранкоў.

Восем вядучых інжынераў «Мазырскага НПЗ» пакараюць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Працаўнікі зрабілі фота каля прахадной заводу яшчэ 27 кастрычніка. Гэта не спадабалася міліцыянтам, якія выклікалі ў РАУС і затрымалі інжынераў.

Нафтавікі на акцыі салідарнасці.
Фота: чытачы «Белсату»

«У пятніцу ўсіх выклікалі ў РАУС і затрымалі шэсць чалавек. У суботу ранкам затрымалі таксама яшчэ адну асобу. І восьмага могуць затрымаць у панядзелак, бо ён пакуль на бальнічным. Падставай для затрымання стала тое, людзі 27 кастрычніка зрабілі агульнае фота каля прахадной заводу, а ў руках трымалі невялікія плакаты з назвай сваёй спецыяльнасці. Хто машыніст, хто аператар і гэтак далей. І цяпер міліцыянты вырашылі людзей затрымаць. Маўляў, людзі зладзілі недазволены мазырскім райвыканкамам пікет», – распавёў «Белсату» Юрый Чаранкоў.

– У спісе затрыманых адмыслоўцы, сярод якіх інжынеры, тэхнолагі. Ці можа затрыманне адмыслоўцаў ударыць па прадпрыемству, якое застанецца без прафесіяналаў?

– Канечне, бо гэта выдатныя прафесіяналы, якіх проста немагчыма адразу ж узяць і замяніць. Трэба год, каб навучыць адмыслоўца, бо ў кожнага свая кваліфікацыя, з вуліцы ніхто не пацягне, нават звычайны працаўнік не здолее зрабіць такую працу. Кіраўніцтва кажа, што нібыта чарга ахвочых на працу стаіць, але гэта лухта, бо год трэба, каб навучыць чалавека працаваць.

Юры Чаранкоў. Фота прадстаўленае рэдакцыі Белсат

– Кіраўніцтва гэта не хвалюе?

– Не. Кіраўніцтва запалоханае і думаюць толькі пра тое, як спыніць пратэст на прадпрыемстве. Я думаю, што яны выдатна разумеюць, што завод развальваецца праз такія захады. Калі нас першы раз затрымалі, то дырэктар абяцаў, што нікога за асабістыя погляды не пакараюць. Маўляў, гэта нашае права і мы можам яго агучваць па-за тэрыторыяй заводу. Але цяпер усё перакруцілі з ног на галаву і пачалі прэсаваць.

– Як часта палітычныя тэмы абмяркоўваюць працаўнікі на заводзе і наколькі людзі гатовыя адстойваць свае правы?

– З тых, каго я ведаю, а гэта інжынеры, то яны ўвесь час пра гэта гавораць і гатовыя нават сыходзіць у стачку. Сярод працаўнікоў – на вялікі жаль, толькі некалькі асобаў гатовыя бараніць свае погляды, але астатнія баяцца. Для Мазыра ў нас добрыя заробкі, многія маюць крэдыты, мусяць выплочваць штомесяц.

Hавiны
За час пратэстаў затрымалі ўжо больш за 30 тысяч чалавек
2020.11.22 18:58

СК belsat.eu

Стужка навінаў