Міліцыянты вызвалілі патэнцыйнага кандыдата Уладзіміра Няпомняшчых

Патэнцыйны кандыдат на прэзідэнцтва Уладзімір Няпомняшчых, якога затрымалі міліцыянты, выйшаў з пастарунку. Раней да Няпомняшчых на вуліцы, дзе ён быў па сваіх справах, падышлі міліцыянты і прапанавалі праехаць у РАУС, бо на яго складзены пратакол.

Уладзімір Няпомняшчых распавёў «Белсату», што нагодай для яго затрымання стаў пратакол за нібыта правядзенне несанкцыяванага мерапрыемства ў Гомлі.

«Затрымалі мяне першапачаткова за акцыю па зборы подпісаў 31 траўня каля ўніверсаму ў Гомлі. Пачалі абвінавачваць, што нібыта я зладзіў мітынг, з мегафонам, але я сказаў, што такога не было. Міліцыянты прагледзелі відэа і сказалі, што памыліліся», – распавёў «Белсату» Уладзімір Няпомняшчых.

Але, як кажа прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнцтва Уладзімір Няпомняшчых, насамрэч, не акцыя была падставаю для затрымання.

«Пачалі пазней пытацца пра Ціханоўскага. Маўляў, адкуль я ведаю яго, якія агульныя знаёмыя, адкуль у яго грошы на жыццё. Запытваліся, ці плаціў ён мне. Я ім сказаў, што нічога не ведаю і не жадаю адказваць. Адмовіўся я і падпісваць дакументы, яны шукаюць кампрамат на Сяргея Ціханоўскага», – кажа Уладзімір Няпомняшчых.

У Гомлі затрымалі патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты

СК belsat.eu

Hавiны