Міліцыянты ў цывільным пільнуюць Статкевіча ля дому. Стрым




Мікола Статкевіч з суботы не выходзіць з дому, каб пазбегнуць затрымання перад 25 сакавіка.

Як палітык распавёў belsat.eu, ужо чацверты дзень ён не выходзіць на вуліцу. Паводле яго словаў, ад учора на паралельнай вуліцы побач з ягоным домам стаіць машына з міліцыянтамі ў цывільным.

«Учора да мяне прыходзілі заяўнікі шэсця і калі выходзілі, то заўважылі, як да іх прыглядаюцца трое ў машыне. Плюс у самім доме пастаянна вядзецца праслухоўка КДБ і, магчыма, відэаназіранне», – сказаў Статкевіч.

Ён адзначыў, што мае намер узяць удзел у шэсці і заклікаў ахвотных прыяднацца.

21 сакавіка стала вядома, што некаторыя ініцыятары шэсця затрыманыя. У пастарунках знаходзяцца Вячаслаў Сіўчык, Уладзімір Някляеў, Максім Вінярскі.

На думку Статкевіча, затрыманні «патрэбныя Лукашэнку, каб паменшыць колькасць удзельнікаў шэсця».

«Сёлета ён не мае рэсурсаў, каб спыніць гэтае шэсце гвалтоўна. Ён і так пайшоў на значныя крокі, каб зменшыць Захадзе негатыўны эфект ад леташняга разгону. Таму цяпер спрабуе звыклым спосабам, страхам, удзейнічаць на шэраговых удзельнікаў праз затрыманне арганізатараў».

Аргназатары святкавання 100-годдзя БНР асуджаюць гэтыя затрыманні.

Нагадаем, раней улады забаранілі не толькі шэсце 25 сакавіка ад Плошчы Якуба Коласа па праспекце Незалежнасці ў Менску, але адхілілі і кампрамісны варыянт – кароткае шэсце ад скверу Янкі Купалы да Опернага тэатру. Пры гэтым мітынг і канцэрт ля Опернага ад 13 да 19 гадзіны Менгарвыканкам санкцыянаваў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў