Міліцыянты судзяцца з паштальёнкай за тое, што ім накідалі ў скрыні артыкулы з КК


Паштальёнка Ларыса Танкашкур. Снежань 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

У Першамайскім судзе Менску 29 снежня суддзя Таццяна Ліннік пачала разглядаць крымінальную справу 56-гадовай паштальёнкі Ларысы Танкашкур, якая перадала ў тэлеграм-чат «Лебяжий 97%» адрасы падпісчыкаў выдання МУС «На страже», паведамляе «Вясна».

Следчыя кваліфікавалі яе дзеянні як незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну іншай асобы, без яго згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых (ч. 1 арт. 179 Крымінальнага кодэкса).

Па справе праходзяць пацярпелымі 35 чалавек: супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС, выкладчыкі Акадэміі МУС, намеснік начальніка ДАІ і нават ужо звольненыя міліцыянты.

Hавiны
«Помсцяць»: паштальёнка тлумачыць, чаму «зліла» адрасы міліцыянтаў. Ёй пагражае да трох гадоў няволі
2020.12.19 07:00

Яны атрымалі маральную шкоду ад «негатыўных эмоцый ад размяшчэння звестак у сацсетках і абмеркавання іх». Таксама некаторым з іх у паштовыя скрыні закідвалі ўлёткі з артыкулам 128 Крымінальнага кодэкса («Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва»), што аказала на іх ціск, а таксама на іх родных і блізкіх. Супрацоўнікі ад гэтага адчулі негатыўныя эмоцыі.

Таксама гэта паўплывала на нармальныя зносіны з суседзямі і калегамі, у іх з’явілася пачуццё небяспекі за сваё жыццё і здароўе сваіх блізкіх, а таксама за захаванне цэласнасці маёмасці. Акрамя гэтага, пацярпелым «нанесены падрыў аўтарытэту і дзелавой рэпутацыі як супрацоўнікаў міліцыі».

Ларыса Танкашкур прызнала, што распаўсюджвала інфармацыю пра месца жыхарства міліцыянераў, але не прызнае, што рабіла гэта па ідэалагічнай і палітычнай непрыязнасці або з помсты: «У мяне ў думках былі толькі дапамога і дыялог».

Паштальёнка Ларыса Танкашкур. Снежань 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Па словах жанчыны, яна рабіла гэта, каб перагаварыць з гэтымі супрацоўнікамі міліцыі наконт незаконных дзеянняў іншых міліцыянтаў, а не з мэтай пагроз: «Я бачыла шмат збіцця на Лебядзіным, я вырашыла, што тыя міліцыянты, дадзеныя якіх я перапісала, змогуць дапамагчы жыхарам, якія ладзяць чаяванне ад тых, хто прыязджае ў цывільным. Я перапісала іх дадзеныя, хацела пагаварыць, але ўбачыла відэа, на якім было відаць, як збіваюць шасцярых людзей і распылілі газ у твар дзіцяці. У мяне і ў думках не было, каб хтосьці ім пагражаў, я так і напісала адміністратару канала, каб ніякіх пагроз, а толькі мірны дыялог, але я не думала, што ён выкладзе ўвесь гэты спіс у чат.

Будучы чалавекам мудрым і жаласлівым, я не магла глядзець, як абыходзяцца з людзьмі».

Па словах Ларысы, яна лічыць пагрозы міліцыянтам бессэнсоўнымі: «З суседзямі асабіста потым размаўляла і яны сказалі, што нікому не пагражалі. Я не ведаю, што далей адбывалася пасля таго, як я скінула дадзеныя, таму што мяне пасадзілі на 15 сутак [за ўдзел у Маршы пенсіянераў]. Мне і міліцыянтаў шкада, калі б сумленна прайшлі выбары ў краіне, то гэтага бязладдзя і збіванняў не было б. Гэта вельмі жудасна: і гвалт, і збіццё».

Прозвішчы і адрасы – гэтыя дадзеныя распаўсюдзіла Ларыса. Ні нумары тэлефонаў, ні пасады яна не распаўсюджвала. Узнагароджанне за перадачу дадзеных яна не атрымлівала. Па словах жанчыны, яна хацела, каб гэтыя міліцыянты, дадзеныя якіх яна перадала адміністратару чата, пагаварылі з супрацоўнікамі міліцыі і АМАПу, якія прыязджаюць у Лебядзіны.

Першы супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Віктар распавёў, што ў канцы верасня на яго пачалі аказваць ціск: у паштовую скрыню пачалі ўкідваць лісты з артыкулам 128 КК – «больш нічога». Ён дапусціў, што яго суседзі сталі з ім менш мець зносіны менавіта з-за таго, што абвінавачаная распаўсюдзіла яго дадзеныя. Але на ўдакладняючыя пытанні адвакаткі Ларысы Танкашкур, ён сказаў, што яго жыццё не моцна змянілася. Аднак падчас папярэдняга следства ён сказаў, што ён атрымаў паведамленне ў ТГ ад нейкага Шэрыпа: «Прывет, за табой прыйдуць». Ён адразу далажыў гэта кіраўніцтву Цэнтральнага РУУС. Але на судзе ён адразу пра гэта не распавёў.

Другі пацярпелы супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Андрэй распавёў, што зайшоў у чат і ўбачыў негатыўныя каментары з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі і пагроз у яго адрас. На судзе ён толькі ўспомніў тое, што яго абвінавацілі ў тым, што ён «удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах, якія ажыццяўлялі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС». Іншыя каментары ён успомніць не змог.

Андрэй сказаў, што з ім таксама перасталі вітацца суседзі:

«Яны раней віталіся, але потым начыталіся каментароў-меркаванняў пра мяне, якія размешчаныя ў інтэрнэце, паверылі гэтаму».

Ларыса распавяла, што яе затрымалі 1 кастрычніка і гэты супрацоўнік міліцыі ў Цэнтральным РУУС ёй пагражаў.

Таксама ў якасці пацярпелага быў дапытаны былы супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Леанід, які працаваў там каля 20 гадоў і звольніўся 2 лістапада гэтага года. Цяпер ён працуе ахоўнікам у адной з менскіх гасцініц. Па яго словах, «наступстваў ад дзеянняў абвінавачанай не было, але асцярогі былі». Распавёў, што ў першыя дні паркаваў машыну не ў сваім двары. У сваю паштовую скрыню ён таксама атрымаў ліст з нормамі Крымінальнага кодэкса. Ён расцаніў гэта так, што ён павінен прыняць нейкі выбар, так як ён выконвае незаконныя дзеянні. Пацярпелы сказаў, што ў яго няма прэтэнзій, і што хацеў бы адклікаць заяву аб прызнанні яго пацярпелым. Гэта ён патлумачыў, што ніякіх наступстваў ад дзеянняў Ларысы не наступіла. Папрасіў суд не караць яе строга.

У судзе абвешчаны перапынак да 6 студзеня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў