«Міліцыянты прыносілі нам сушаную рыбу». Успаміны пра Плошчу-2010


Баец АМАПу пераследуе ўдзельніка акцыі апазіцыі 19 снежня 2010 года. Фота – Глеб Гараніч / Reuters / Форум

«Белсат» публікуе фрагменты невядомых раней размоваў Януша Гаўрылюка з тагачаснымі працаўнікамі нашага каналу, якія 19 снежня 2010 года па працы або з сумлення выйшлі на Плошчу і былі затрыманыя.

Зміцер Саўка

У 2010 годзе – кіраўнік моўнай службы каналу і аўтар ды вядоўца праграмы «Моўнік»

Выбарчая кампанія праходзіла ў атмасферы лібералізацыі. Такой свабоды дзейнасці ў Беларусі не было ніколі. Тое, што дзевяць кандыдатаў з лёгкасцю сабралі па 100 тысячаў галасоў, патрэбных для старту ў выбарах, сведчыла пра тое, што людзі падпісваліся за ўсіх, абы толькі не за Лукашэнку. У дзень выбараў я сустрэў увечары знаёмага, які пайшоў на выбарчы ўчастак пару хвілінаў да закрыцця. Там ён пабачыў, што ўсе ягоныя суседзі былі адзначаныя як тыя, хто прагаласаваў. Хаця раней кожны казаў яму, што не пойдзе галасаваць, бо няма сэнсу ўдзельнічаць у гэтым фарсе.

Зміцер Саўка

У нядзелю 19 снежня ад самай раніцы ў мяне было дзіўнае адчуванне, што мяне пасадзяць. Таму я раздзяліў абавязкі паміж сваймі супрацоўнікамі, каб яны маглі працаваць, калі я буду ў камеры.

Перад паходам на Плошчу я моцна паеў, каб не быць галодным. З кішэняў дастаў усе непатрэбныя і каштоўныя рэчы. Цёпла апрануўся. Вопратку абраў такую, якой не будзе шкада, калі яе парвуць або забрудзяць.

Таксама ўзяў з сабой пашпарт, каб мяне маглі адразу ідэнтыфікаваць. Паклаў трохі грошай у кішэню, пакідаючы гаманец удома. Узяў з сабой мабільны тэлефон, але на Плошчы ён не спатрэбіўся, бо ўлады адключылі сувязь.

Акцыя апазіцыі пад будынкам Ураду. 19 снежня 2010 года. Фота – Аляксей Філіпаў / ТАСС / Forum

Калі пад будынкам ураду я пабачыў, што «касманаўты» адрэзалі дарогу роўна па лініі з Леніным, то зразумеў, што сёння дадому не вярнуся.

Я не спрабаваў прабіцца праз іх самкнутыя шэрагі, паводзіў сябе мірна. Я ведаў, чаму сюды прыйшоў. Я нічога не скраў і нікога не пакрыўдзіў. Якая была мая віна? Дзе ў канстытуцыі ці крымінальным кодэксе напісана, што гэткія дзеянні забароненыя і караюцца пазбаўленнем волі? Так я разважаў, калі быў аточаны ўзброеным да зубоў спецназам.

Мяне пасадзілі ў аўтазак. Там ужо было мноства затрыманых, якія разважалі гэтаксама, як я.

За 15 дзён арышту я напісаў 50 старонак дысертацыі. На свабодзе цяжка адарвацца ад штодзённых заняткаў і сканцэнтравацца на доктарскай працы. Тут часу было шмат. Што праўда, я мусіў усё пісаць па памяці, бо не меў доступу да літаратуры. Пазней прыяцель сказаў мне, што я быў як Браніслаў Тарашкевіч, які пераклаў па памяці «Пана Тадэвуша» на беларускую мову, калі сядзеў у польскай турме ў 20-ых гадах. Такім вось чынам я прыблізіўся да Тарашкевіча.

Пазітыўным бокам гэтага недарэчнага зняволення лічу тое, што падчас яго я схуднеў. На вячэру прыносілі рыбныя хвасты і гнілую квашаную капусту. Хлеб, які выпякалі ў турэмнай пякарні, меў мала супольнага з тым, што прадаецца ў краме. Вырашыў не есці, чымся атрымаць хваробу стрававальнай сістэмы.

Не скажу, што моцна пакутаваў за кратамі, але гэта не быў курорт. Мне было б лягчэй, калі б я ведаў пра ўсіх тых добрых людзей, якія тэлефанавалі маёй сямʼі са словамі падтрымання.

Акцыя апазіцыі ў Менску 19 снежня 2010 года. Фота – Аляксей Філіпаў / ТАСС / Forum

Я не сядзеў дарма. Абурэнне ў краіне вельмі вялікае. Звычайным людзям абрыдла хлусня і амаральнасць кіраўніка краіны.

Але трэба яшчэ пачакаць, гэта пакута за тое, што мы так лёгка атрымалі незалежнасць у 1991 годзе. Нам яе далі, калі іншыя за яе змагаліся. Мусім яшчэ крыху пацярпець, каб Беларусь была вольнай.

У 2016 годзе Змітра Саўкі ня стала.

Цімафей Каспяровіч

У 2010-м годзе – аператар і мантажыст каналу

У дзень выбараў у мяне быў выходны. У рэдакцыі нікога не было ў сувязі з нашай бяспекай. Аператары высылалі здымкі з дамоў непасрэдна ў варшаўскую рэдакцыю, дзе мантавалі гатовыя матэрыялы.

Мы вынеслі з рэдакцыі ўсю апаратуру – і ўгадалі, бо праз два дні пасля выбараў невядомыя вырубілі сякерамі рэдакцыйныя дзверы. Там была толькі 20-гадовая друкаваная машынка з запіскай: «Спецыяльна для вас!».

Увечары я выканаў свой грамадзянскі абавязак, то бок укінуў бюлетэнь у скрынку, і пайшоў на Плошчу як звычайны грамадзянін, якіх хацеў выказаць сваю пазіцыю.

Калі я туды дайшоў, то расчараваўся, бо пабачыў там няшмат людзей, але калі людзі пачалі ісці ў напрамку Плошчы Незалежнасці, то зрабіўся шматтысячны натоўп.

Памятаю, што я здзівіўся, бо беларусы – хутчэй памяркоўныя людзі. Відаць, сітуацыя ў краіне моцна іх прыціснула.

Атмасфера была вельмі пазітыўная. Людзі скандавалі лозунгі: «Жыве Беларусь!» і «Сыходзь!».

АМАП разганяе удзельнікаў паслявыбарчай акцыі каля дому Ураду 19 снежня 2010 года. Фота – Васіль Федасенка / Рэйтэр / Форум

У пэўны момант я пайшоў на вакзал у прыбіральню. Калі вярнуўся, то пабачыў, як спецназ разганяе людзей.

Сустрэў сяброўку. Пасля таго, што здарылася, мы вырашылі пайсці ў бар і выпіць. Мы адышлі даволі далёка ад плошчы і ў пэўны момант аказаліся перад шэрагам міліцыянтаў са шчытамі. Запыталіся іх як прайсці далей і пачулі: «Чакайце». Праз пару хвілінаў з другога боку падышла іншая група са шчытамі і шчыльна акружылі нас і яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Мы пачулі каманду: «Пакуй!».

У міліцэйскі аўтобус запакавалі, між іншага, аператара расейскага ТБ і журналіста «Газеты Выборчай» Анджэя Пачобута. Аднак палову складалі людзі, якія вярталіся з рэстарацыяў і бараў. Яны не разумелі, што адбылося. Сярод іх былі нават тыя, хто галасаваў за Лукашэнку.

19 снежня 2010 года АМАП затрымлівае людзей падчас паслявыбарчага пратэсту ў Менску. Фота – Аляксей Філіпаў / ИТАР-ТАСС / Forum

Наступныя двое сутак я быў па чарзе ў аўтазаку, пастарунку, аўтазаку, ізалятары на Акрэсціна і ў судзе, дзе маю справу разглядалі дзве хвіліны. Потым ізноў аўтазак, які адвёз нас на Акрэсціна.

У аўтазаку быў рэцыдывіст, які ў суботу выйшаў на волю пасля 2,5 гадоў у турме, а ў нядзелю яго затрымалі. Быў хлопец, які падкінуў сваім аўтам аднаго з кандыдатаў, Рыгора Кастусёва. Яго палічылі ягоным кіроўцам і асудзілі на 12 содняў. У камеры ён казаў, што больш у жыцці нікому не дапаможа. Быў ветэран афганскай вайны, які атрымаў 12 содняў. Ён тры разы праехаў побач з плошчай, бо паехаў на вакзал сустракаць жонку, а яна не прыехала першым цягніком. Праз два дні да яго пагрукалі: нумары машыны зафіксавалі гарадскія камеры.

Праз двое сутак, калі мы нарэшце аказаліся ў вязніцы, то атрымалі першую ежу.

Калі сядзіш, найгоршае тое, што няма чым заняцца. Намагаешся як мага болей спаць. Расклад дня вызначаюць сняданак, абед і вячэра.

Найгорш у камеры было некурцам. Мы стараліся паліць менш, але цыгарэты былі ў кожнай перадачы – нават для тых, хто не паліць. Можна было адкрыць цыгарэтную краму.

Сваякі і сябры затрыманых чакаюць прыёму пасылак пад сценамі ізалятару на Акрэсціна. 21 снежня 2010 года. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

На свабоду выйшаў за пару гадзінаў перад Новым годам. Нас пасадзілі ў аўтобус і па адным выпускалі на прыпынках, каб не даць магчымасці семʼям і сябрам сустрэць нас перад турмой: гэта былі сотні людзей, калі б усе прыйшлі да турмы, утварылася б дэманстрацыя.

Новы год сустрэў з сямʼёй. Бацькі сказалі, што вярнуўся 1937 год.

Таццяна Бублікава

У 2010 годзе – карэспандэнтка каналу ў Менску

Мой жыццёвы шлях вызначае журналістыка. Усё пачалося ў школе. Калі мне было 14, мы з сябрам заснавалі газету. Нас заўважылі, калі пасля выбараў «Міс ліцэю» мы напісалі крытычны артыкул пра дэмакратычнасць яе абрання. У тэксце быў тэзіс, што выйграла дзяўчына, якая мела выйграць, а не тая, за якую галасавала большасць вучняў.

Хаця наклад быў 14 экзэмпляраў, мы выклікалі ў школе буру, нас выклікалі на дыванок да дырэкцыі школы. На нас накрычалі і забаранілі пісаць дурноты.

На журфак не пайшла, каб не марнаваць час: у дзяржаўным універсітэце галоўным прадметам для журналістаў была ідэалогія. Я скончыла беларускую філалогію.

З часам стала карэспандэнткай «Белсату» у Гомлі.

У 2010 годзе я захацела праверыць свае сілы ў сталіцы і пераехала ў Менск. Распачыналася прэзідэнцкая кампанія, журналісцкай працы было ўсё болей. На здымкі з аператарам выязджала пару разоў на дзень. Мы працавалі быццам мелі акрэдытацыю: такая была адліга!

Пераезд быў добрым выбарам. Мая сям’я не была задаволеная з маёй прафесіі. Яны лічылі, што гэта проста небяспечна – працаваць нязгодна з дзяржаўнай лініяй. Тыдзень перад выбарамі бабуля штодня тэлефанавала і прасіла: «Танечка, ты толькі туды не ідзі!».

19 снежня мы наведалі некалькі выбарчых участкаў, потым зрабілі вулічнае апытанне і пайшлі працаваць на Плошчу.

23 снежня 2010 года. Зняволеныя ў ізалятары на Акрэсціна. Фота – Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Пасля атакі на будынак ураду, якая, імаверна, была правакацыяй з боку ўладаў, пачаў працаваць спецназ. Міліцыянты білі дручкамі ўсіх без разбору – у тым ліку жанчын і журналістаў. Майму аператару ў той дзень разбілі дзве камеры.

Падчас зачысткі плошчы ад дэманстрантаў, я спужалася. У галаве былі думкі пайсці ўжо прэч, але як журналістка я хацела ўсё пабачыць. Мне далі 10 сутак.

У камеры № 10, куды я патрапіла, былі дзве журналісткі, фатографка, менеджарка касметычнай фірмы, бібліятэкарка, дзяўчына з рэкламнага агенцтва і псіхолаг. Ніхто з маіх сукамерніц не пайшоў на Плошчу, каб падтрымаць кагосьці з кандыдатаў. Яны пайшлі туды, каб падтрымаць усіх, хто пратэставаў супраць шаснаццацігадовай акупацыі Беларусі. Мы прыйшлі да высновы, што застацца ў той дзень удома было б непрыстойна.

У камеры гарэла слабае святло. Не было люстэрка. Туалет быў без дзвярэй.

Мы размаўлялі пра палітыку, хлопцаў, жыццё ў цэлым.

Мужчыны выходзяць са следчага ізалятара ў Менску 29 снежня 2010 года. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Нашых ахоўнікаў мы ацэньвалі з пункту гледжання прывабнасці. З некалькімі мы нават наладзілі кантакты. У ізалятары ў нас забралі бюстгальтары. Праз адзенне прасвечвалі нашыя саскі. Мы пачалі фліртаваць з міліцыянтамі, і на чацвёрты дзень яны ўжо перадавалі нашыя запіскі ў іншыя камеры. Яны прыносілі нам гарбату, каву і нават сушаную рыбу. Ім было нас шкада.

Раз у дзень нас вадзілі на шпацыр у дворык з кратамі наверсе. Там было шмат снегу і мы ляпілі снегавікоў у выглядзе Лукашэнкі – з лысінай і вусамі.

Мы сталі вельмі блізкімі. Спалі прытуленыя адна да другой. Гігіенічныя патрэбы рабілі без сораму – інакш было нельга.

Ніводная з дзеўчын у камеры не плакала.

Я ўжо дарослая дзяўчына, і думала, што ў такім узросце не буду мець вельмі блізкіх і шчырых сяброў. У камеры № 10 я сустрэла жанчын, з якімі б хацела бачыцца рэгулярна – і мы сустракаемся ў кавярнях або ў кагосьці ў хаце.

Запісаў Януш Гаўрылюк/ДД

Стужка навінаў