Міліцыянту, які выкрыў каналы вербавання ў ДНР, прысудзілі тры гады за хабар


Асуджанны былы лейтэнант міліцыі Міхаіл Куцко

Жонка асуджанага гарадзенскага міліцыянта лічыць, што справа сфабрыкаваная, а абвінаваўчы вырак і ўвесь пераслед – помста за прынцыповасць.

Міліцыянту параілі «забыцца» на вярбоўшчыкаў у шэрагі ДНР

Справа Міхаіла Куцко цягнецца ўжо амаль год. Перад тым, як трапіць пад следства 24 студзеня 2017 года былы лейтэнант гарадзенскай міліцыі паспеў перадаць відэа «Белсату», дзе распавёў сваю гісторыю.

Міхаіл Куцко служыў у аддзяленні наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Ленінскага РАУС Горадні. Мае шматлікія граматы і ўзнагароды за раскрыццё злачынстваў звязаных з распаўсюдам парнаграфіі, педафіліяй і продажам людзей. Як распавёў Міхаіл Куцко на відэа, яшчэ ў летась ад сваіх інфарматараў ён атрымаў паведамленне, што афіцэр памежнага камітэту В/Ч 2141 мае выхад на незаконныя вайсковыя фармаванні самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі».

Пасля таго, як былы лейтэнант далажыў пра гэта свайму кіраўніцтву, яму патэлефанаваў кіраўнік крымінальнай міліцыі з загадам, пра справу забыцца. Аднак Міхаіл усё ж вырашае данесці інфармацыю да Камітэту дзяржаўнай бяспекі, на што ягонае непасрэднае кіраўніцтва пагражае звальненнем.

У выніку Міхаіла Куцко звольнілі «за прагул». Пасля звальнення Міхаіл Куцко знайшоў іншую працу і пэўны час быў намеснікам дырэктара адной з турыстычных фірмаў у Горадні. 20 студзеня 2017 года яго выклікалі для высвятлення дадатковых абставінаў справы Алены Б., пасля чаго былога міліцыянта арыштавалі па артыкуле «Атрыманне хабару».

Злавіў дачку суддзі на парнаграфіі?

Як аказалася пазней, перад падзеямі Міхаіл Куцко вёў справу аб распаўсюдзе парнаграфіі ў сеціве з фігуранткаю, якая аказалася інспектарам па справах з няпоўнагадовымі ў Шчучыне. Алена Б. да таго ж з’яўляецца дачкою суддзі.

Грамадзянская жонка Міхаіла, Наталья распавяла са слоў Міхаіла, што, каб закрыць справу, Алена Б. прапаноўвала былому міліцыянту хабар, ад якога той адмовіўся.

Міліцэйскі начальнік агучыў «прысуд» праз газету

Жонка Міхаіла Куцко, Наталля

Афіцыйнае абвінавачванне было прад’яўлена былому міліцыянту 26 студзеня па артыкуле 430 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Атрыманне хабару»). Цягам гэтага году Міхаіл Куцко знаходзіўся пад вартаю ў гарадзенскай турме нумар 1 на вуліцы Кірава.

Абуральным для яго стаўся артыкул у газеце «Вечерний Гродно», які з’явіўся 8 лютага. Паводле яго, на прэс-канферэнцыі начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Вадзім Сіняўскі заявіў, што «будзе рэальны тэрмін заключэння адназначна, ніякіх сумневаў у гэтым няма». Аднак прагноз на тэрмін адбыўся яшчэ ў часе следства, калі не была яшчэ вырашаная дата суда.

Атрымаў прысуд, як абяцалі, толькі за іншы хабар

Праз паўгода пасля затрымання Міхаіла Куцко следчыя праз адсутнасць доказаў у справе Алены Б. знайшлі яшчэ адну жанчыну, якая абвінаваціла былога міліцыянта ў атрыманні хабару. У выніку па двух артыкулах першай справы Куцко апраўдалі.

Вырак былы лейтэнант атрымаў па другой справе, хоць прадставіў сведку, што ў часе атрымання хабару знаходзіўся на службе і займаўся справай, звязанай з наркотыкамі.

Абвяшчэнне прысуду адкладалася каля месяца. Апошняе паседжанне адбылося 3 студзеня, на якім Міхаілу Куцко прысудзілі 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці – за атрыманне хабару.

«Калі шчыра, то ў глыбіні душы была надзея, што яго апраўдаюць, што ў нас усё ж такі больш гуманны суд, Цешыць, што не восем, як абяцалі. Міша задаволены застаўся. Бо ён казаў, што ў любым выпадку тэрмін дадуць і ніхто яго апраўдаць не збіраецца. Крыўдна, што з канфіскацыяй маёмасці сямʼя застаецца без тэлевізара і без мікрахвалёўкі. Менавіта маёй маёмасці, якую арыштавалі на імя Міхаіла. Пракурор будзе абскарджваць 100 адсоткаў, будзе пісаць пратэст», – каментуе прысуд жонка Міхаіла Куцко, Наталля.

Паколькі ўжо год Міхаіл Куцко сядзіць у турме, тэрмін скарачаецца на 2 гады. Наталля спадзяецца на амністыю, якая скароціць тэрмін яшчэ на год пазбаўлення волі.

Паўліна Валіш, фота – Васіль Малчанаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары