«Міліцыянтаў цікавіла, ці я адэкватная». Жанчыну судзілі за тое, што пахавала мужа ў вёсцы, а не ў горадзе


Жыхарка Мар’інай Горкі пахавала мужа ў цэлафанавым мяху – бо за некалькі дзён у моргу цела распалася і проста пакласці яго ў труну было немагчыма. Але потым на ўдаву падалі ў суд – маўляў, яна пахавала мужа не там, дзе была абавязаная, і мусіць заплаціць за надзел. Як разгортваліся падзеі ды што ў выніку вырашыў суд, высвятляла карэспандэнтка «Белсату».

«Пахавалі ў мяху і патрабуюць грошы» – такі рэпартаж выйшаў на тэлеканале «Белсат» 22 сакавіка. У матэрыяле мы распавядалі пра надзвычайнае здарэнне ў горадзе Марʼіна Горка Пухавіцкага раёну: мясцовая жыхарка Ніна Рабчык пахавала памерлага мужа ў цэлафанавым мяху, бо цела распалася ў гарадской трупярні. Нетыповая гісторыя атрымала яшчэ больш незвычайны працяг.

Жыхарка Мар’інай Горкі Ніна Рабчык пасля суду.
Фота: Belsat.eu

«Мы працуем з жывымі, а не з трупамі»

– Муж памёр 4 траўня летась неспадзявана: проста не ўстаў з ложка – сардэчная недастатковасць. Я ў гэты час была ў шпіталі ў Бараўлянах з хворым на анкалогію братам. Сярэдні сын знайшоў бацьку, выклікаў міліцыю, хуткую – цела забралі на ўскрыццё. Каля моргу пры Марʼінагорскім шпіталі я была каля 16:00, аднак пабачыла толькі замок на дзвярах і паперчыну з тэлефонам. Тэлефаную, а там – аўтаадказчык.

Пайшла ў прыёмны пакой шпіталю, каб хоць штосьці высветліць, але адтуль мяне выправілі: «ня маем ніякага дачынення, мы працуем з жывымі, а не з трупамі». Гэта была пятніца. Тое ж паўтарылася ў суботу і ў нядзелю. Усе тры дні стаяла моцная спякота, +28 градусаў. Тады я яшчэ ня ведала, што ў трупярні не працавалі лядоўні, – распавядае Ніна Рабчык.

Фота: Belsat.eu

Тры дні ў моргу за 60 рублёў

Толькі на чацвёрты дзень, раніцай 7-га траўня, Ніна Рабчык пабачыла першага супрацоўніка моргу – як ёй распавялі, у іх «папросту былі выходныя». Супрацоўнік сказаў, што зробіць ускрыццё, але апрануць памерлага не зможа.

– Я казала, што сама апрану, але ён адмовіўся і нават не дазволіў зайсці ў той пакой. Толькі пакінуў крыху прыадчыненыя дзверы і я пабачыла праз шчыліну зялёныя ногі і адчула моцны пах, – кажа Ніна Рабчык.

– Потым мяне паклікалі і паказалі труну, у якой ляжаў завязаны чорны цэлафанавы мех. Я ня ведаю хто быў у тым мяху, але супрацоўнікі пераконвалі, што гэта мой муж. На той мех я паклала прынесенае адзенне і труну зачынілі. Больш яе ўжо не адчынялі, але пах чуўся і праз зачыненую дамавіну. А за тое, што цела пратрымалі ў трупярні тры дні і ў выніку знявечылі, з мяне яшчэ запатрабавалі аплату 60 рублёў. І пакуль не прынесла квітанцыю – труну не аддалі.

Жыхарка Мар’інай Горкі Ніна Рабчык.
Фота: Belsat.eu

Не выбачаліся, але звінавацілі: «Памерлага не хацелі забіраць»

Калі крыху мінуў шакавальны стан, удава пачала звяртацца са скаргамі ў адміністрацыю Пухавіцкага раёну, управу аховы здароўя Менскай вобласці, пракуратуру. Але ва ўстановах альбо адмоўчваліся, альбо перакладвалі адказнасць адна на другую – не было нават зразумела хто ж адказны за працу гарадской трупярні ў Марʼінай Горцы!

– Ніводная з гэтых інстанцый нават не паспрабавала хаця б выбачыцца. Пра тое, каб вярнуць 60 рублёў за «гатэль» у моргу – нават і гаворкі не было. Але больш за ўсё ўразіў адказ, які ў выніку прыйшоў з Пухавіцкага міжраённага аддзелу Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз, які і распараджаецца моргам: «з мэтай атрымання трупа Рабчыка І.А. ніхто са сваякоў не звяртаўся»… Маўляў, мы самі не хацелі забіраць памерлага ўсе выходныя дні, прыйшлі толькі ў панядзелак, – распавядае гераіня.

Жыхарка Мар’інай Горкі Ніна Рабчык пасля суду.
Фота: Belsat.eu

За пахаванне дамагаліся грошай у судзе

Але і на гэтым пакуты ня скончыліся. Ніна Рабчык пахавала мужа ў вёсцы Бор – цяпер гэта аграгарадок. Бо там яна нарадзілася, там яна жыла разам з мужам пасля шлюбу. Варта адзначыць, што і вёска Бор, і Марʼіна Горка знаходзяцца ў Пухавіцкім раёне, але вёска адносіцца да Навасёлкаўскага сельскага выканкаму.

Рашэнне суду.
Фота: Belsat.eu

– Старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкаму Галіна Пылёнак вырашыла, што за пахаванне я мушу заплаціць 240 рублёў, бо муж нарадзіўся на Магілёўшчыне. Пры гэтым закон аб пахаванні дае зразумелыя вызначэнні на нашую карысць, бо мы пражылі з мужам на тэрыторыі Пухавіцкага раёну амаль 40 гадоў. Схадзіла нават на асабісты прыём да старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Віктару Калядзе. Але той загадаў старшыні сельсавету «разабрацца ў судзе». Суд доўжыўся амаль месяц і ў выніку прыняў рашэнне на маю карысць.

Старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкаму Галіна Пылёнак.
Фота: Belsat.eu

«Міліцыянтаў цікавіла, ці я адэкватная»

Гераіня распавядае, што на звароты ў міліцыю і пракуратуру праваахоўнікі праводзілі праверкі. Міліцыянты прыходзілі да ейных суседзяў у вёсцы Бор і ў Марʼінай Горцы, каб перапытаць, ці сапраўды яна і ейны памерлы муж жылі там стала.

– І ведаеце, што іх цікавіла? Ці я адэкватная. А яшчэ ўразіла стаўленне блізкіх людзей – добрых знаёмых і сяброў. Многія так запалоханыя, што нават перасталі тэлефанаваць. А ў суд прыйшлі падтрымаць зусім чужыя людзі, якія былі абураныя гэтым здарэннем. Шмат падтрымалі таксама зусім незнаёмыя людзі ў горадзе і па-за яго межамі. Дзякуй усім вялікі.

Галіна Абакунчык belsat.eu

Стужка навінаў