Міліцыянт зрабіў заўвагу курцам у электрычцы – і атрымаў у твар


Пасля таго, як міліцыянт, які быў не на службе, зрабіў заўвагу кампаніі, што паліла ў тамбуры, яго ўдарылі ў твар. Цяпер следчыя высвятляюць абставіны ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, падае Следчы камітэт.

Паводле папярэдніх звестак, 21-гадовы міліцыянт ехаў у першым вагоне электрацягніка Асіповічы – Менск і ўбачыў кампанію маладых людзей, якія палілі ў тамбуры. Нягледзячы на тое, што ў той дзень ён не знаходзіўся на службе, мужчына прадставіўся ім супрацоўнікам міліцыі, паказаў службовае пасведчанне і зрабіў заўвагу. У адказ хлопцы з кампаніі пачалі яго абражаць. Пазней двое з іх ударылі міліцыянта ў цывільным у твар і штурхнулі яго ў спіну.

Супраць аднаго з чальцоў кампаніі, 22-гадовага юнака, распачатая крымінальная справа паводле артыкулу «гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Цяпер следчыя шукаюць іншых падазраваных, якія зніклі з месца здарэння.Усталяваць цяжкасці цялесных пашкоджанняў міліцыянта мае судова-медычная экспертыза.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў