Міліцыянт, які браў удзел у разгоне Плошчы: «Перакананы, што Лукашэнка пераможа»


Сілавікі хапаюць людзей падчас мірнай акцыі.
Фота: ТК / Belsat.eu

Мітынгоўцы падчас акцыяў скандуюць: «Міліцыя з народам!» Такім чынам людзі звяртаюцца да сілавікоў з заклікам выконваць закон і не ўжываць сілы супраць мірных дэманстрантаў. «Белсат» на ўмовах ананімнасці паразмаўляў з супрацоўнікам МУС, які падчас выбарчых кампаніяў 2010 і 2006 гадоў браў удзел у разгоне пратэстоўцаў. Ці сапраўды «міліцыя з народам»?

– Менш за два тыдні засталося да выбараў. Многія людзі кажуць, што маюць намер выйсці на Плошчу і бараніць свой голас. Вы таксама будзеце на Плошчы?

– Так, канечне. Я буду выконваць загад. Па-першае, таму што я даваў прысягу. У ёй напісана, што я абавязваюся служыць народу. Але я не адношу да народу тых, хто выходзіць на несанкцыяваныя акцыі. Яны, выходзячы на незаконныя акцыі, перакрочылі мяжу закону. Яны правапарушальнікі. І гэта не я так думаю, не Лукашэнка. Гэтак было заўсёды.

На праспекце Незалежнасці, 14 ліпеня.
Фота: ТК / Belsat.eu

– Але наколькі правамернае ўжыванне сілы да парушальнікаў, як вы характарызуеце людзей, што мірна выходзяць на вуліцу?

– Я не быў падчас затрыманняў у ліпені, не бачыў, што адбывалася, таму не магу сказаць наколькі правамерныя затрыманні. У кожнай сітуацыі, як я лічу, ёсць пэўны падман. Я ведаю, што нашыя хлопцы імкнуцца перастрахавацца. Проста так яны нічога не робяць, але толькі калі ёсць за што, толькі калі ёсць парушэнні. Я магу сказаць, што мы працуем. І затрымліваем там не дзядуляў ці бабуляў умоўных, але сапраўды парушальнікаў. На працягу больш за паўтары дзясяткі гадоў кожныя выбары я быў там. І сярод удзельнікаў Плошчы я бачу вельмі мала тых, хто кіраваў пратэстамі. І вось менавіта яны пераследавалі нейкія канкрэтныя мэты. А тыя хто прыходзіў – гэта зусім маладыя 18-19 – гадовыя хлопцы і дзяўчаты. І калі адпускалі гэтых «арыштантаў», яны потым прызнаваліся, што дурныя, паколькі пайшлі на мітынг, у іх няма мэтаў. Таму я сумняюся, што ёсць сэнс з імі размаўляць.

Hавiны
Сёння ў Менску затрымалі 50 чалавек. Сярод іх – журналісты «Белсату»
2020.07.28 22:39

– Значыць няма сэнсу ў размовах, а ўжыванне сілы і збіццё – цалкам абгрунтаванае?

– Вось уявіце, я кіраўнік. Да мяне прыходзяць людзі, каб паразмаўляць. Яны бяруць з сабою ледзь не зброю. І вось як я ў гэтай сітуацыі буду з імі размаўляць? Так яно атрымліваецца і на гэтых мітынгах. Мне падаецца, што адзіны момант, які паспрыяе, каб знішчыць недавер, дык гэта дазволіць другому боку прысутнічаць падчас падліку галасоў. І калі яны пабачыць бюлетэні, то зразумеюць, што няма нагоды для мітынгаў.

– Калі ж апынецца, што па выніках падліку Лукашэнка прайграе выбары і атрымае меншасць?

– Я перакананы, што Лукашэнка пераможа на гэтых выбарах, паколькі насамрэч мае большасць прыхільнікаў. Я за яго, мае калегі на працы. Тыя размовы пра тры адсоткі і гэтак далей – гэта проста плёткі. Апаненты кіраўніка краіны іх распускаюць. Узяць усіх вайскоўцаў, міліцыянтаў, чыноўнікаў – яны будуць галасаваць за яго. Можа там некаторыя і аддадуць голас за іншага, але большасць з іх жыве нармальна. Кіраўнік краіны выступае за мір. І ніхто не хоча, каб іх дзеці ваявалі. Ніхто не хоча вайны. Акрамя таго, за Лукашэнку прагаласуюць не толькі чыноўнікі, але і шмат простых беларусаў. Не думаю, што альтэрнатыўныя кандыдаты набяруць шмат.

Фота: ТК / Belsat.eu

– Акрамя Лукашэнкі ў бюлетэнях будуць яшчэ чатыры прозвішчы.

– Магчыма, што гэтыя кандыдаты набяруць трошкі галасоў. Верагодна, што некаторым проста надакучыла яго (Лукашэнкі. – Белсат) прозвішча і прагаласуюць за іншага. Але пераможа кіраўнік краіны. Не ведаю, гэта толькі маё меркаванне. Але скажу так, што я не баюся 9 жніўня. Для мяне гэта як проста звычайны працоўны дзень. Адзінае, што засмучае, дык гэта тое, што калі сітуацыя стане напружанай, то прыйдзецца дадаткова папрацаваць.

– Будзеце прыкладваць высілкі дзеля чаго?

– Я не хачу, каб у нас было як ва Украіне, дзе захапілі ўладу. Яны там павінныя вярнуць так, як было з пачатку і сумленна вылучыць іншага кандыдата.

Hавiны
«Сядзеш, с*ка, на 15 содняў». Мянчанка пайшла паглядзець на фантаны, а аказалася ў аўтазаку
2020.07.18 10:00

– Людзі ў Беларусі падчас мітынгаў скандуюць «Міліцыя з народам». Ці яны маюць рацыю?

– Яны такім чынам спадзяюцца знайсці толькі тых, хто ім спачувае. Але на мяне асабіста гэтыя словы не дзейнічаюць.

– Чаму?

– Я прыводзіў вышэй прыклад, калі да кіраўніка прыходзяць паразмаўляць людзі са зброяй. Па-першае, людзі выходзяць незаконна на несанкцыяваныя акцыі. І пры гэтым да іх не прымяняецца сіла. Мы стаім толькі дзеля таго, каб абмежаваць іх перамяшчэнне. Але на нас у гэты час нападаюць. У выніку шмат хлопцаў нашых апынуліся ў шпіталі. Ім за гэта заплоцяць нейкія капейкі. Тэлебачанне іх пакажа. Але за што збіваюць працаўнікоў міліцыі падчас акцыяў?

Фота: ТК / Belsat.eu

– Што бакі мусяць зрабіць, каб не было бойкі?

– Увогуле трэба каб сітуацыя вырашалася мірным шляхам. Я перакананы, што большая частка краіны нават не ведае, хто яшчэ вылучаецца кандыдатам на прэзідэнта. Трэба прадэманстраваць гэта. Я ж сяджу на выбарчых участках, бачу сітуацыю. Назіральнікі, якія прыходзяць, яны ж праплачаныя. І проста бачна, што іх задача не весці падлік галасоў, але стварыць правакацыю. Ён жа проста просіцца, каб яго забралі, праўда, на сваёй мове. Не ўсе канечне, але большая частка. Гэта трэба бачыць.

– Што павінен зрабіць кандыдат ад апазіцыі, каб мінімізаваць рызыку масавых закалотаў, ці яны могуць нешта зрабіць.

– Яны ў вочы кажуць, што не заклікаюць на Плошчу. Але іншымі словамі, жэстамі, намёкамі наадварот, заклікаюць выйсці на несанкцыяваную акцыю.

Hавiны
Лукашэнку паказалі, як сілавікі могуць разганяць дэманстрантаў
2020.07.28 15:25

У іх не хапае розуму дамовіцца з Аляксандрам Рыгоравічам, каб усё было мірна. Не хочуць папрасіць, каб падлік галасоў быў чэсным і празрыстым. Гэта ж усё проста. Як тут не круці, але апазіцыя ў любым выпадку скажа, што не згодная.

– Але як раз існуе прапанова зрабіць падлік празрыстым і як раз улады адмаўляюцца ад гэтага.

– Дык не ўлады, але іншы бок хоча вывесці людзей на Плошчу і падставіць іх. Я думаю, што не будзе бойкі, у нас проста менталітэт іншы. Але людзі, якія выходзяць на вуліцу, проста парушаюць закон. Таму няма сэнсу крычаць, што міліцыя з народам. Які народ? Перад міліцыяй правапарушальнік, паводле закону. Я ж не выходжу на вуліцу, не выходзяць мае бацькі. Але выходзяць саплякі, якія нічога не разумеюць. Іншая справа, калі б выйшлі 40-гадовыя. А так – п’яныя падлеткі.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Менску.
Фота: ТК / Belsat.eu

– Паводле Канстытуцыі, грамадзяне маюць права на мірныя сходы. І калі гэта забараняе іншы закон, то павінна быць паводле Канстытуцыі. У выніку атрымліваецца, што як раз людзі і не парушаюць заканадаўства, калі выходзяць на мірныя акцыі.

– Мітынгі маюць быць узгодненыя, мае быць міліцыя. І ніхто нікога не чапае. Але мітынгоўцы ідуць да будынкаў, каля якіх нельга ладзіць акцыі. У выніку адбываецца правакаванне тых, хто ахоўвае правапарадак. І пра гэта тыя асобы, якія вядуць людзей, ведаюць. Іншая справа, што большасць у натоўпе не ведае. Таму ў выніку кіраўнікі натоўпу падстаўляюць людзей. Я быў там і бачыў на свае вочы, якім чынам адбываецца правакаванне. Гэта падобна на тое, як на вайне.

Hавiны
Ад пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі адбылося мінімум 1140 адвольных затрыманняў
2020.07.21 13:44

Сяргей Ягораў belsat.eu

Стужка навінаў