Міліцыянт ацаніў свае пакуты на 8000 рублёў: у Горадні пачаўся суд у «справе Ціханоўскага»


18 студзеня ў Кастрычніцкім судзе Горадні распачаўся судовы працэс над трыма гарадзенцамі, якія праходзяць у «справе Ціханоўскага». На лаве падсудных Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Кніга і Яўген Разнічэнка. Падсудных затрымалі пасля інцыдэнту з міліцыянтам, які адбыўся 29 траўня на перадвыбарчым пікеце ў Горадні. На гэты пікет прыехаў блогер Сяргей Ціханоўскі.

Мужчынаў абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу: «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Яўгена Разнічэнку і Дзмітрыя Кнігу дадаткова абвінавачваюць паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу: «Гвалт у адносінах супрацоўнікаў органаў унутраных справаў».

Суд у «справе Ціханоўскага». Злева направа: Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў.
Фота: belsat.eu.

На суд падтрымаць палітвязняў прыйшлі каля 60 чалавек, але ў залу пусцілі толькі 20. Абаронцы прасілі перанесці паседжанне ў больш вялікую залу, каб забяспечыць галоснасць. Аднак суддзя адхіліла хадайніцтва. Вядзе працэс суддзя Вольга Бекушава.

«Брат схуднеў. У лістах трымаецца бадзёра, але настрой у нас усіх вельмі трывожны. Я дзіця не хрышчу, чакаю, калі вызваляць брата, каб ён быў нашым хросным», – распавядае, ледзь стрымліваючы слёзы, сястра Яўгена Разнічэнка Ганна. Яна не змагла трапіць у судовую залу і чакала пад дзвярыма.

Пацярпелымі ў справе праходзяць чатыры міліцыянты. Два з іх на суд не з’явіліся: Буднік – на сесіі ў Магілёве, Рахунак – на бальнічным. На паседжанне прыйшлі пацярпелыя міліцыянты Хваленя і Казлоўскі.

Яўген Разнічэнка і Дзмітрый Фурманаў. Фота belsat.eu

Старэйшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Казлоўскі заявіў пазоў да Яўгена Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды памерам 8000 рублёў. Менавіта гэты супрацоўнік упаў на Разнічэнку падчас штурханіны на пікеце і ў выніку аказаўся на зямлі.

Разгляд справы, допыт падсудных і пацярпелых працягнецца па абедзе 18-га і зранку 19 студзеня.

Што здарылася 29 траўня ў Горадні?

Сяргей Ціханоўскі і ягоныя паплечнікі першымі прынялі на сябе ўдар рэпрэсіяў з боку ўладаў. Іх затрымлівалі яшчэ ў траўні–чэрвені 2020 года. На пачатак 2021-га вядома пра мінімум 19 фігурантаў «справы Ціханоўскага».

29 траўня 2020 года ў Горадні на пікеце падчас збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам на прэзідэнцтва адбыўся інцыдэнт: да Сяргея Ціханоўскага падышлі дзве жанчыны і сталі задаваць яму правакацыйныя пытанні, чапаць яго за адзенне. Сяргей адыходзіў ад іх, але яны даганялі. Неўзабаве падышлі два міліцыянты, і людзі сталі засланяць блогера ад іх. Адзін з міліцыянтаў раптоўна ўпаў на зямлю.

У выніку 15 чалавек былі затрыманыя АМАПам: разам з Ціханоўскім забралі каардынатара гарадзенскага штабу Дзмітрыя Фурманава, двух кіроўцаў каманды, а таксама мясцовых жыхароў. Частку затрыманых пазней вызвалілі.

Відавочцы падзеяў кажуць аб правакацыі, міліцыя – пра напад на яе супрацоўнікаў, нібыта падчас патасоўкі пацярпеў міліцыянт.

Перад пачаткам працэсу ў «справе Ціханоўскага». Фота belsat.eu

Міліцыянта Уладзіміра Казлоўскага, які апынуўся на асфальце, даставілі ў абласны шпіталь хуткай дапамогі. У яго зафіксавалі выцятую пярэднюю чэраўную сценку, але шпіталізацыі не спатрэбілася. Таксама па дапамогу да медыкаў звярнуўся супрацоўнік міліцыі ў цывільным, але ніякіх цялесных пашкоджанняў у яго не выявілі.

Карыстальнікі інтэрнэту даволі хутка апазналі ў сацсетках удзельніцу імавернай правакацыі супраць Ціханоўскага. Гэта Алена Кузьміна, удзельніца чату «Распусная Беларусь».

Пасля гэтых падзеяў пачалася хваля затрыманняў сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Нягледзячы на ​​гэта, да пікету Святланы Ціханоўскай у Горадні людзі станавіліся ў вялізныя чэргі і былі гатовыя стаяць нават пад дажджом, каб аддаць свой подпіс.

Суд у «справе Ціханоўскага». Злева направа: Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка.
Фота: belsat.eu

9 чэрвеня семярым удзельнікам пікету: Сяргею Ціханоўскаму, Дзмітрыю Фурманаву, Вяргілію Ушаку, Аляксандру Арановічу, Васілю Баброўскаму, Арцему Сакаву і Уладзіміру Навуміку выставілі абвінавачанне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага ды іншых затрыманых у Горадні палітычнымі вязнямі.

Падсудныя: хто яны?

Дзмітрый Фурманаў. Каардынатар ініцыятыўнай групы для вылучэння на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай па Гарадзеншчыне.

Дата затрымання: 29 траўня 2020.

Дзмітрыю Фурманаву 35 гадоў. Мае вышэйшаю адукацыю, па спецыяльнасці – інжынер-механік, працяглы час быў галоўным спецыялістам у «Горадняаблаўтатрансе».

Падчас перадвыбарчай кампаніі стаў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гарадзенскай вобласці, а таксама адміністратарам тэлеграм-каналу «Гродно для жизни».

Фурманава затрымалі на пікеце 29 траўня. Калі пачаліся забіраць людзей, Дзмітрый сядзеў за сталом і працягваў збіраць подпісы. Да яго падбеглі амапаўцы, схапілі пад рукі і пацягнулі праз сквер у машыну.

Бацька гарадзенца Аляксандр Фурманаў звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім казаў пра тое, што Дзмітрый ніякага закону не парушаў, і патрабаваў выканання законнасці.

26 ліпеня маці палітвязня Вольга Фурманава і ягоная дзяўчына Вольга Каракіна абвясцілі бестэрміновую галадоўку каля следчага ізалятару. Яны патрабавалі вызваліць Дзмітрыя Фурманава і іншых людзей, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, а таксама спыніць крымінальныя справы паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Неўзабаве маці перастала галадаць праз праблемы са здароўем – дзесяць дзён яна піла толькі звычайную і мінеральную ваду. А 4 жніўня спыніла галадоўку і Вольга Каракіна.

Бацькі Дзмітрыя распавядаюць, што ў лістах сын трымаецца аптымістычна і стараецца больш іх падтрымаць, чым нешта прасіць. Пісаў, што ў камеры СІЗА гуляе ў шахматы, чытае, адказвае на лісты, займаецца фізкультурай. Нават пальчаткі папрасіў, каб адціскацца ад падлогі.

Спачатку Дзмітрый сядзеў у следчым ізалятары ў Жодзіне, у лістападзе яго перавялі ў на Валадарскага ў Менск. 17 снежня Дзмітрыя Фурманава этапавалі ў турму № 1 Горадні.

Яўген Разнічэнка. Палітычны актывіст, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Дата затрымання: уначы з 29 на 30 траўня.

Яўген Разнічэнка, 35 гадоў, будаўнік. Да вясны 2020 года працаваў у Маскве. Вяртацца ў Беларусь ён не планаваў, але ў канцы сакавіка вымушаны быў прыехаць у Горадню праз смерць бацькі. Вярнуцца ў Расею ён не змог, бо закрыліся межы. На час эпідэміі стаў шукаць працу і адначасова цікавіцца палітыкай – удзельнічаў у стрымах блогера Сяргея Ціханоўскага, акцыях дзеля ягонага падтрымання і паспеў адбыць адміністрацыйны арышт за гэта.

З каналам Сяргея Ціханоўскага гарадзенец быў знаёмы і раней, глядзеў стрымы яшчэ ў Маскве.

Яўгена Разнічэнку затрымалі пасля пікету ўначы на 30 траўня. Падчас патасоўкі на плошчы Разнічэнка паклаў на асфальт міліцыянта. Увечары гэтага дня ён запісаў галасавое паведамленне і размясціў яго ў тэлеграм-чаце «Страна для жизни»: паводле яго, Казлоўскі падчас штурханіны паваліўся на яго, Яўген акуратна падтрымаў міліцыянта і паклаў на зямлю.

Уладзімір Кніга. Валанцёр ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.

Дата затрымання: 4 чэрвеня.

Уладзіміру каля 50 гадоў, ён працаваў на адным з прадпрыемстваў Горадні.

Падчас затрымання Уладзімір Кніга ў якасці валанцёра дапамагаў выстаўляць на Савецкай плошчы пікет ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў