Міліцыя зноў прыйшла на «Белсат» з балгаркаю. Апошні раз такое было ў 2010 годзе


9 красавіка 2019 года працаўнікі Следчага камітэту Беларусі зладзілі ператрус у менскім офісе «Белсату». У памяшканне яны трапілі пры дапамозе ратавальнікаў з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Ратавальнікі адкрылі дзверы наша офісу балгаркаю. Ператрус адбыўся ў межах крымінальнай справы паводле арт. 188 КК – «Паклёп».

Абноўлена
Ператрус у менскім офісе завершаны. Забралі ўсе носьбіты інфармацыі
2019.04.09 09:19

«На жаль, нас чакае пэрыяд закручваньня гаек, прэвэнтыўных арыштаў, пахаладаньня. Белта, Курапаты, суды на блогерамі і палітыкамі, ператрус у Белсата – усё гэта трывожныя званочкі», – напісаў у сваім «Telegram’е» грамадскі дзеяч Франак Вячорка.



Апошні раз міліцыянты трапілі ў офіс «Белсату» пры дапамозе гэтак званай балгаркі ў 2010 годзе. Тады офіс тэлеканалу месціўся ў кватэры кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча. У ноч на 25 лютага 2010 года праваахоўнікі спілавалі балгаркаю дзверы ягонай кватэры, у якой нікога не было. Ператрус адбыўся праз месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў і крывавага разгону акцыі пратэсту ў Менску.

«Таварны знак», «Абраза»

У 2017 годзе міліцыя зладзіла вобшук у офісе нашага тэлеканалу ў звязку з «незаконным выкарыстаннем таварнага знаку» на тэрыторыі Беларусі.

ВІДЭА
«Гэта ўзнагарода ад беларускіх уладаў». Рамашэўская-Гузы пра ператрус на «Белсаце»
2017.03.31 19:12

Вобшук адбыўся на фоне масавых пратэстаў супраць дэкрэту аб «перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства» (дэкрэт аб дармаедах).

Ператрус у офісе «Белсату» у 2017 годзе

Праз год беларускія сілавікі прыйшлі з вобшукам да гарадзенскіх журналістаў-фрылансэраў Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам». Ператрус адбыўся пасля выхаду ў эфір сюжэту «Жыхары інтэрнату: «Заходзіш з дзіцём у душ – там ляжыць здохлы пацук!». Тады міліцыя пачала правяранне паводле факту «паклёпу і абразы асобы». У матэрыяле журналісты распавялі пра жахлівы стан гарадзенскага інтэрнату.

Штрафы і бясконцыя суды

Паводле стану на 9 красавіка 2019 года журналісты «Белсату» атрымалі штрафаў за працу без акрэдытацыі на суму Br 87 087. На пачатку 2019-га «Белсат» падаў чарговы запыт на акрэдытацыю. Час разгляду запыту скончыцца 18 красавіка.

Першы ператрус на «Белсаце» адбыўся ў 2008 годзе – неўзабаве пасля пачатку вяшчання праз спадарожнік.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў