Міліцыя знайшла ў Мазыры фінансавую піраміду, якую стварыў «YouTube»-блогер


Сайт КДК паведамляе, што мазырская фінансавая міліцыя спыніла незаконную дзейнасць фінансавай піраміды «Elevrus», створанай відэаблогерам з Калінкавічаў. Лідары арганізацыі зарабілі больш за $ 200 тысячаў, сцвярджаюць праваахоўнікі.

Відэаблогер разам з некалькімі грамадзянамі Беларусі і Расеі стварыў фінансавую сетку, пабудаваную па прынцыпе піраміды. Арганізатары «Elevrus» абяцалі ўкладчыкам высокія даходы (да 365 % гадавых) на працягу доўгага часу і дадатковыя бонусы за прыцягненне новых укладчыкаў. Праект актыўна рэкламавалі ў сацыяльных сетках і на YouTube.

«Лідар «Elevrus» праводзіў нямала сустрэчаў з дзейнымі і патэнцыйнымі ўдзельнікамі фінансавай піраміды (інфармацыйныя прэзентацыі праходзілі ў Менску, Маладзечна, Берасці, Пінску, Баранавічах, Жлобіне, Мазыры, Калінкавічах ды іншых гарадах Беларусі). У сваіх выступах ён рабіў акцэнт на добрых намерах (маўляў, гэта фонд узаемадапамогі, створаны для аказання падтрымкі дзецям, пенсіянерам), а таксама абяцаў, што ўклады будуць інвеставацца ў розныя праекты, якія павінны прыносіць дадатковы даход у перспектыве. Тое, што даход укладчыкаў фармуецца толькі за кошт прыцягнення грашовых сродкаў ад новых людзей, арганізатары і менеджары фінансавай сеткі, вядома, замоўчвалі. Грошы ўкладчыкаў пераводзіліся на рахункі, адкрытыя ў беларускіх банках на менеджараў «Elevrus» (так званых захавальнікаў), якія ў сваю чаргу пераразмяркоўвалі сродкі згодна з усталяванымі правіламі ўдзелу», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Паводле звестак КДК, арганізатар і актыўныя ўдзельнікі фінансавай сеткі атрымалі даход у памеры больш за 400 тыс. рублёў. Праваахоўнікі распачалі справу па ч. 3 арт. 233 Крымінальнага кодэкса (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца арганізаванай групай).

Арганізатары «Elevrus» знаходзяцца ў СІЗА.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў