Міліцыя знайшла медыкаў, якія перавозілі лядоўню на «хуткай»


Грузіць лядоўню медыкам было няпроста – і яны ўжылі каталку. Фота са старонкі «Onliner»

Паводле міліцыі, брыгада ратаўнікоў не парушыліа закон.

6 лютага чытач «Onliner» пабачыў, як у адным са двароў Горадні дзве асобы ў медычнай уніформе загружаюць у машыну хуткай дапамогі лядоўню.

«Магчыма, нехта ў гэты момант меў патрэбу ў пільнай дапамозе, пакуль яны халадзільнік вазілі. У мяне так мама ў Ваўкавыску памерла, пакуль хуткая ехала. Можа, дзяржаўны транспарт, нарэшце, перастануць ужываць у асабістых мэтах?», – абурыўся сведка здарэння.

Гарадзенская абласная станцыя хуткай дапамогі заявіла, што машына са здымку ім не належыць.

«Гэта не нашая машына. Кожны наш аўтамабіль унутры выглядае інакш: там медычная апаратура, а тут, паглядзіце, пуста, – заявіла кіраўніцтва станцыі хуткай. – Мы спрабавалі апазнаць людзей на фота, але іх таксама ніхто не прызнаў».

У суботу гарадзенская міліцыя паведаміла, што «хуткая» належыць Зэльвенскай раённай больніцы.

«Усталявана, што ў абласны цэнтр на ёй прывезлі пацыента, а таму загрузілі халадзільнік, такім чынам аказаўшы дапамогу аднаму з супрацоўнікаў раённага медычнай установы, якому гэтую лядоўню з Горадні ў Зэльву адправіў сын», – паведаміў старшыня Ленінскага РАУС Горадні Алег Карпушкін.

У міліцыю адзначаюць, што «хуткая» у гэты час не магла быць задзейнічаная ў экстранай дастаўцы пацыентаў.

«Пытання аб наяўнасці складу якога-небудзь супрацьпраўнага дзеяння ў дадзеным выпадку няма», – дадалі ў міліцыі.

Аднак Ленінскі РАУС распачаў праверку па факце здарэння, па выніках якой кіраўніку Зэльвенскай раённай больніцы накіруюць ліст для рэагавання.

ДД

Стужка навінаў