Міліцыя зламала берасцейцу рэбры, яго засудзілі на два гады турмы


Сяргея Ярася міліцыянты збілі на падворку ўласнага дому, аднак у выніку за кратамі ў ізалятары апынуліся не праваахоўнікі, а сам берасцеец. Сёння суддзя Ленінскага раёну Берасця Аляксандр Семянчук асудзіў Ярася на два гады калоніі агульнага рэжыму, а ягонага таксама пацярпелага ад міліцыі сябра Аляксандра Гуцька – на тры гады «хіміі».

Больш за год таму Сяргей з сябрамі адпачываў на сваім участку ў прыватным сектары, калі да іх завіталі два міліцыянты. Міліцыю выклікала суседка, якой перашкаджала музыка. У выніку хлопцы паабяцалі выключыць музыку, а міліцыю папрасілі пакінуць іхную прыватную тэрыторыю. Апошнія сышлі, але пастанавілі, што з імі развіталіся недастаткова ветліва, і таму неўзабаве да міліцыянтаў прыехала ўзброеная падмога. Мужчынам пырснулі ў вочы слезацечным газам, заламалі рукі, павалілі на зямлю і пачалі збіваць. Ноч яны правялі ў пастарунку, а раніцаю кожнага аштрафавалі за хуліганства.

Магчыма, гісторыя гэтак і скончылася б, аднак маці Сяргея Ярася, якому дасталася больш за астатніх, тры зламаныя рабрыны і 23 гематомы, пачала скардзіцца на дзеянні сілавікоў. Праз паўгода Следчы камітэт распачаў дзве крымінальныя справы: за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, а пасля і за гвалт у дачыненні міліцыянта. Першую прыпынілі праз недаказанасць. А другую скіравалі ў суд.

«Я падрабязна разабраў гэтую справу, я магу сказаць, што першапачаткова справа была зусім іншая, і міліцыянтаў пакаралі, а потым міліцэйскае кіраўніцтва спахапіліся ды пастанавіла абараніць гонар мундзіра. Сёння міліцыя паказвае, што нават калі яна парушае закон, то ўсё роўна ніхто не будзе адказваць, бо ў нас няма міліцыі, якая працуе ў інтарэсах грамадства, і няма незалежных судоў. І гэты прысуд Сяргею Ярасю ды Аляксандру Гуцьку – знак: бойцеся, калі вы пасмееце пайсці супраць звычайнага прадстаўніка ўлады, то будзе так, як з гэтаю справай, а можа, і горш», – кажа «Белсату» праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Зазначым, што сённяшняе рашэнне суда Ленінскага раёну Берасця не ўступіла ў законную моц, мужчыны плануюць абскардзіць вырак у абласным судзе.

СА

Стужка навінаў