Міліцыя шукала журналіста «Белсату» праз няпоўнагадовага сына


Работнікі Івацэвіцкага РАУС выклікалі Сяргея Скулаўца праз матэрыял, які ён рабіў у лістападзе, пра новы Закон аб СМІ. Справа ў мясцовае аддзяленне трапіла ад пінскіх міліцыянтаў, якія пачалі шукаць журналіста праз нумар тэлефона ягонага сына.

«Міліцыянты пачалі шукаць мяне праз родных. Адзін з нумароў зарэгістраваны на маё імя, але ім карыстаецца мой няпоўнагадовы сын. Таму міліцыянты з Івацэвіцкага РАУС пазванілі і папрасілі мяне да тэлефона. У размове мяне запрасілі ў РАУС, патлумачылі, што справа звязаная з матэрыялам для СМІ з Пінску».

Высветлілася, што ў Пінску пабачылі відэа і накіравалі справу паводле месца жыхарства, тлумачыць Сяргей.

Матэрыял журналіст рабіў з варшаўскай рэдакцыі, скарыстаўшыся відэа аператараў з Беларусі.

«Рэдактары замаўляюць гэтыя здымкі. Таму беларускага заканадаўства я не парушаў. Напрыканцы міліцыянты папрасілі, каб паказаў пашпарт з пячаткамі, што быў за мяжою, бо, маўляў, у іх звесткі, што я апошні раз выязджаў з Беларусі ў 2014 годзе».

Не знайшоўшы доказаў, што відэа ў Пінску рабіў Скулавец, справу аб адміністратыўным правапарушэнні супраць журналіста спынілі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў