Міліцыя шукае адміністратараў тэлеграм-каналу «Пінск для жыцця чат»

16 кастрычніка міліцыя прыйшла праводзіць агляд з апісваннем маёмасці адразу да 4 жыхароў Пінску. Усе яны раней з’яўляліся адміністратарамі тэлеграм-каналу «Пінск для жыцця чат», а таксама мелі дачыненне да ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Падчас агляду ў пінчукоў вынялі ўсю тэхніку, якую знайшлі, а таксама запатрабавалі паролі ад тэлефонаў і ноўтбукаў.

Пінск для жыцця чат. Скрын з тэлеграм-каналу

Міліцыя правяла агляды з выманнем тэхнікі па месцы рэгістрацыі Вячаслава Перца, у даверанай асобы Святланы Ціханоўскай Валерыя Рамановіча, у сябра ініцыятыўнай групы Алега Дзядзёрка. Таксама прыходзілі і да валанцёра Анатолія Чашуіна, але ў кватэру патрапіць не змаглі. На агляд памяшканняў у міліцыі мелася санкцыя пракурора Пінску Руслана Краўчука.

«Міліцыянты прыйшлі да маёй маці а 7-ай раніцы 16 кастрычніка і пачалі пераглядаць усе шафы. У выніку забралі сістэмны блок, якім ніхто не карыстаўся гадоў 10 і ноўтбук сястры. Маці 66 год, канешне, ёй было цяжка разабрацца, што яны ад яе хочуць. Ніякіх правоў яна не ведае і дакументаў у іх яна не спытала», – апісвае сітуацыю Вячаслаў Перац.

Вячаслаў Перац падчас выбарчай кампаніі з’яўляўся сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у Пінску. Ягоная жонка – Юлія Трусіла была валанцёрам. Разам яны збіралі подпісы за вылучэнне Ціханоўскай. Прыкладна ў гэты час у Пінску з’явіўся тэлеграм-канал «Пінск для жыцця чат». Маладым людзям прапанавалі адміністраваць гэты канал, гэта значыць выдаляць паведамленні з лаянкай і з заклікам да нейкіх радыкальных захадаў. Гэтым Вячаслаў і Юля і займаліся. Спачатку з каналам, які налічваў 100 падпісчыкаў, супрацоўнічалі 7 такіх адміністратараў.

Юлія Трусіла і Вячаслаў Перац. Фота прадастаўленае Белсату

На думку Вячаслава, цяперашнія агляды з выманнем тэхнікі наўпрост звязаныя з тэлеграм-каналам «Пінск для жыцця чат». Яшчэ 17 ліпеня Вячаслава і яго жонку Юлію выклікалі ў пракуратуру. Іх папярэдзілі, што як адміністратары каналу яны будуць несці персанальную адказнасць. Пасля размовы Вячаслаў і Юлія адмовіліся ад статуса адміністратараў і сталі звычайнымі падпісчыкамі. Перад 9 жніўня ў «Пінск для жыцця чат» было каля 3000 падпісчыкаў, пасля выбараў іх колькасць узрасла ўтрая.

«Як мы зразумелі, міліцыя вымае тэхніку, каб знайсці цяперашніх адміністратараў тэлеграм-каналу «Пінск для жыцця чат». Зараз функцыі адміністратараў выконваюць шмат асобаў, але, наколькі мне вядома, усе яны знаходзяцца за мяжой. Хто гэта канкрэтна, мы не ведаем», – кажа Юлія Трусіла.

Сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Алег Дзядёрка распавядае, што 16 кастрычніка да яго дадому прыйшлі з аглядам а 6-ай раніцы. Кажа, што міліцыянты фатаграфавалі і апісвалі ўсе рэчы, нават бідэ з унітазам, дзверы, усё. Забралі сістэмны блок і тэлефон. Жонка Алега хацела здымаць увесь гэты працэс на тэлефон, але ёй не дазволілі.

«Яшчэ падчас затрымання 7 жніўня мне міліцыянты сказалі, што я быў самы актыўны ў ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай у Пінску. Магчыма, таму і прыйшлі, як да «самага актыўнага». Наконт чату, я выконваў там функцыі адміністратара, каб не было ніякіх правакацыяў. Ведаеце, колькі там зараз сядзіць міліцыянтаў, яны могуць напісаць, што заўгодна. Мы сачылі, каб было ціха, мірна. Але мой акаўнт з тэлеграму выдалілі самі міліцыянты, таму я ўжо даўно не з’яўляюся адміністратарам таго чату», – сказаў Алег Дзядзёрка.

Тэлеграм-канал «Пінск для жыцця чат» пасля 9 жніўня атрымаў вялікую папулярнасць і разам з ёй амаль 9 тысяч падпісчыкаў. Там людзі знаходзяць аднадумцаў, скідваюць важную інфармацыю, там жа з’яўляюцца абвесткі пра ўсе акцыі пратэсту.

На думку актывістаў, цяпер ціснуць на тых, хто засвяціўся і каго ведаюць асабіста. І мэта гэтага ціску – перадухіліць выхад людзей на вуліцы.

«Я думаю, што сваю ролю згуляў і народны ўльтыматум, які агучыла Святлана Ціханоўская. Міліцыі трэба нешта зрабіць, каб не дапусціць масавых пратэстаў, яны не знайшлі ніякіх арганізатараў, нікога, і цяпер прыходзяць да першых, каго ведаюць», – каментуе сітуацыю Юлія Трусіла.

Вячаслаў Перац адзначае моцны ціск на ягоную сям’ю. Яго затрымалі яшчэ да выбараў 7 жніўня і арыштавалі на 15 содняў за заклікі да сустрэчы ў канале «Пінск для жыцця чат». Праз тыдзень пасля вызвалення Вячаслава да ягонай маці прыйшлі ўчастковыя. Яны зноўку абвінавацілі маладога чалавека ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, але пасля справу прыйшлося скасаваць праз адсутнасць складу злачынства.

Вячаслаў Перац. Фота прадастаўленае Белсату

Вячаслаў працуе лекарам-гігіеністам у Пінскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. На працу да яго таксама прыходзілі невядомыя.

«Мне распавялі знаёмыя, што ўжо адбылася размова з галоўным лекарам, каб знайшоў любы спосаб пазбавіцца ад мяне. Мяне не могуць звольніць, як маладога спецыяліста, але напэўна яны што-небудзь прыдумаюць. Тое датычыцца і маёй жонкі Юліі Трусіла, якая праходзіць тут інтэрнатуру», – кажа Вячаслаў.

Зараз пратэстны настрой у Пінску, як і ў іншых гарадах, мяняе сваю форму. На вулічныя акцыі выходзіць нашмат меней людзей, чым раней. Затое пінчукі сталі збірацца невялікімі групамі на сваіх раёнах.

Вольга Васільева, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны