Міліцыя распачала 135 крымінальных справаў супраць беларусаў, якія ваявалі ва Украіне


Прадстаўнік МУС распавёў пра цікавасць сілавікоў да «беларускіх баевікоў».

karpenkov_mikalai

Ужо распачата 135 крымінальных справаў у адносінах да беларусаў, якія «могуць несці вайсковую пагрозу дзяржаве». Пра гэта ў інтэрвʼю газеце «Звязда» заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Мікалай Карпянкоў. І ўдакладніў супраць каго канкрэтна заводзяцца такія справы:

«Важна не прапусціць у Беларусь замежных баевікоў-наймітаў, радыкальна настроеных мусульманаў, удзельнікаў ваенных аперацыяў ва Украіне, на Блізкім Усходзе. Мы фармуем аператыўныя ўлікі беларускіх баевікоў, якія ваявалі ў Украіне, а цяпер вяртаюцца дадому. Усё гэта робіцца для таго, каб людзі, якія могуць несці ваенную пагрозу дзяржаве, знаходзіліся пад кантролем».

Раней агульная колькасць справаў супраць беларускіх удзельнікаў узброенага канфлікту ва Украіне афіцыйна не называлася.

17 студзеня дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» са спасылкай на ГУБАЗіК МУС Беларусі паведаміў пра тое, што больш за 130 беларусаў «прымалі ці прымаюць удзел у баявых дзеяннях ва Украіне».

У леташнім снежні кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што ў крымінальнае заканадаўства былі ўнесеныя змены, якія дазваляюць прыцягваць удзельнікаў баявых дзеянняў да крымінальнай адказнасці нават «без наяўнасці карыслівага складніку».

НМ, belsat.eu, паводле «Звязда», фотаздымак «Белгазета»

Стужка навінаў