За пропуск лекцыяў былога палітвязня Змітра Паліенку будуць судзіць двойчы


Позвы ў суд Змітра Паліенкі за пропуск лекцыяў па працаўладкаванні. Разгляд справаў адбудзецца 6 і 19 снежня ў судзе Заводскага раёну Менску. Фота – «Фэйсбук» Змітра Паліенкі

Увечары 4 снежня да грамадскага актывіста Змітра Паліенкі прыйшлі міліцыянты, каб «апытаць яго і скласці пратакол». Відэа з размовы з міліцыянтамі Паліенка апублікаваў у сваім «Фэйсбуку».

У выніку міліцыянты склалі на актывіста пратакол і ўручылі яму позву ў суд на 19 снежня. Такім чынам, за пропуск лекцыяў па працаўладкаванні яго будуць судзіць двойчы.

На мінулым тыдні міліцыянты склалі на актывіста два пратаколы і выклікалі ў суд, які адбудзецца 6 снежня.

Пасля вызвалення з калоніі ў кастрычніку гэтага года былому палітвязню прызначылі наведваць лекцыі па працаўладкаванні. Зміцер Паліенка на іх не ходзіць, бо лічыць гэта парушэннем ягоных правоў.

«Я не збіраюся падладжвацца пад тых, хто кінуў мяне за краты, не збіраюся вісець у іх на кручку», – напісаў Паліенка ў «Фэйсбуку».

У кастрычніку 2016-га Паліенку асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за нібыта напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Менску. Акрамя таго актывісту інкрымінавалі здзяйсненне злачынства паводле ч. 2 арт. 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару).

Летась Паліенку зноў арыштавалі: 7 красавіка 2017 года суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў актывіста адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію.

У калоніі Паліенку рэгулярна змяшчалі ў штрафны ізалятар, адміністрацыя таксама ціснулі на яго псіхалагічна.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Паліенку вязнем сумлення.

ДД

Стужка навінаў