Міліцыя просіць адгукнуцца ахвяраў серыйнага гвалтаўніка з Расеі


Цягам 20 гадоў мужчына здзяйсняў злачынствы на тэрыторыі Беларусі. Мяркуецца, што ў перыяд з 1994 па 2014 гг ягонымі ахвярамі маглі стаць каля ста жанчын.

Жыхар Санкт-Пецярбургу рэгулярна прыязджаў да сваякоў у Беларусь. Падчас гэтых візітаў ён і здзяйсняў злачынствы. Паводле праваахоўнікаў, ахвярамі гвалтаўніка станавіліся жанчыны рознага ўзросту, у тым ліку непаўналетнія дзяўчыны. Падчас нападаў мужчына пагражаў смерцю, часам меў з сабою нож.

Усе злачынствы былі здзейсненыя на тэрыторыі Дзяржынскага, Менскага, Смалявіцкага і Стаўбцоўскага раёнаў.

На сёння міліцыя не валодае поўнай карцінаю здзейсненых злачынстваў. Першыя заявы ад ахвяраў пачалі паступаць у 1999 годзе, аднак пасля затрымання падазраваны прызнаўся, што пачаў нападаць на жанчын у 1994 годзе. Пасля праверкі гэтыя прызнанні пацвердзіліся. Агулам міліцыянты атрымалі інфармацыю прынамсі пра 10 згвалтаванняў, пра якія раней не было вядома. Ахвяры пацвердзілі факты нападаў і тое, што яны не звярталіся да праваахоўнікаў па дапамогу.

Менская міліцыя просіць тых, хто валодае інфармацыя пра злачынствы, або стаўся ахвяраю, паведаміць пра гэта следчым па тэлефонах: 8-017-229-06-00, 8-017 -229-04-39, 8-029-560-17-64 (МТС), 8-029-353-58-15. Праваахоўнікі гарантуюць канфідэнцыйнасць.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў