Міліцыя не знайшла факту злачынства ў абразе журналіста Андрэя Мялешкі


Сайт, які цкаваў гарадзенскую апазіцыю і журналістаў, не працуе, а крымінальную справу за паклёп узбуджаць не будуць.

Гарадзенскаму журналісту-фрылансеру Андрэю Мялешку прыйшоў адказ з міліцыі на зварот, скіраваны яшчэ ў пачатку жніўня. Тады Андрэй звярнуўся ў МУС, каб выкрыць стваральнікаў сайту stopopp.com, які працяглы час паліваў брудам гарадзенскіх апазіцыянераў ды журналістаў. У некалькіх артыкулах гаворка ішла непасрэдна пра Мялешку ды чальцоў яго сям’і.

У адказе, які днямі атрымаў журналіст, ідзецца пра тое, што змест двух артыкулаў сайту фармальна мае прыкметы паклёпу (арт. 188 КК РБ), аднак мэта, якую пераследаваў чалавек, які іх размясціў, – невядомая. Таксама невядомым застаўся і адміністратар сайту, паслугі хостынгу якому аказвае расейская кампанія, што знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. Таму ва ўзбуджэнні крымінальнай справы гарадзенская міліцыя адмовіла.

Адказ на заяву падпісалі адразу тры міліцэйскія чыны: старэйшы ўчастковы інспектар капітан Аляксандр Піцко, начальнік аддзялення міліцыі «Фолюш» маёр Сяргей Бандарык, якія выдалі пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а афіцыйны адказ прыйшоў за подпісам начальніка УУС Кастрычніцкага раёну Аляксандра Шастайлы.

«Вынікамі міліцэйскай праверкі я не задаволены, – настойвае Мялешка. – Я хачу, каб аўтараў гэтых артыкулаў прыцягнулі да адказнасці, а таксама, каб на сайце з’явілася абвяржэнне. Будзем глядзець, што адкажа пракуратура».

На сёння сайт, на якім змяшчаліся паклёпніцкія артыкулы, не адчыняецца.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў