Беларускія праваахоўнікі паведамляюць пра дзясяткі кантактаў 1-га і 2-га ўзроўняў, якія парушаюць рэжым самаізаляцыі або адмаўляюцца здаваць тэсты на каронавірус.
Гэтак, на Віцебшчыне ў дачыненні да 17 грамадзянаў распачаты адміністрацыйны працэс паводле артыкулу 23.4 КаАП «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў». У асноўным гэта маладыя людзі, якія не хацелі самаізалявацца, бо «пралічылі рызыкі» і «ўсведамляюць адказнасць», паведамілі ў УУС Віцебскага аблвыканкаму.
А ў Астраўцы на Гарадзеншчыне 12 кантактаў 1-га ўзроўню ўхіліліся ад абавязковага медычнага агляду. У выніку пракурор Астравецкага раёну санкцыянаваў прымусовы медагляд грамадзянаў, што праігнаравалі закон.
Некалькі дзён гэтыя людзі знаходзіліся пад медычным наглядам, а пасля былі ізаляваныя ў хатніх умовах, паведамілі ў Генеральнай пракуратуры.
За парушэнне правілаў паводзінаў у самаізаляцыі прадугледжаны штраф у памеры ад 2 да 50 базавых велічынь – ад 54 да 1350 рублёў, або адміністрацыйны арышт.
МГ belsat.eu