Міліцэйскія патрулі і папярэджанні святарам. 102-і дзень пратэсту ў Беларусі

18 лістапада ў Беларусі стала 102-м днём ад моманту пачатку паслявыбарчых пратэстаў.

Дэструктыўныя раёны

Дзень пачаўся з навінаў пра тое, што ў Новай Баравой, вядомай сваёй апазіцыйнай актыўнасці, нарэшце далі ваду, якой, нягледзячы на маразы, не было з 15 лістапада. Напярэдадні кампанія-забудоўшчык «А100 Камфорт» паведаміла, што будзе здымаць плакаты, стужкі ды да таго падобнае.

У Менску ўвядуць патрулі на тэрыторыях з «дэструктыўна настроенымі грамадзянамі»

А пасля стала вядома, што ўлады Менску наагул вырашылі ўвесці асаблівыя ўмовы на тэрыторыях, якія, паводле іх, «схільныя ўплыву дэструктыўна настроеных грамадзянаў». У прыватнасці, гаворка ідзе пра ўзмацненне растлумачальнай працы, патрулі міліцыі, дзяжурствы і замацаванне за такімі тэрыторыямі службовых асобаў і кіраўнікоў службаў, якія адказваюць за падтрыманне парадку. У кожным адміністрацыйным раёне вызначаны ад 3 да 6 месцаў асаблівага кантролю.

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памер напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году. Фота: TК / Белсат

Святароў караюць за словы

Генеральная пракуратура пасля патрабавання Лукашэнкі адрэагавала на публічныя заявы святароў, якія раскрытыкавалі знішчэнне ўладамі мемарыялу памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Гэтак, афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння закона вынеслі старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы Сяргею Лепіну і дапаможнага біскупу Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь Юрыю Касабуцкаму.

Пракуратура вынесла папярэджанні біскупу і святару за крытыку разбурэння мемарыялу памяці Бандарэнкі

У пракуратуры палічылі, што крытычныя каментары адносна знішчэння народнага мемарыялу «недапушчальныя і непрымальныя, бо не толькі не адказваюць асноватворнай ролі царквы ў частцы дасягнення ўзаемнага разумення, цярпімасці і згоды ў грамадстве, але і падахвочваюць грамадзянаў да агрэсіі, проціпраўных дзеянняў, вырашэнню пытанняў неканстытуцыйным шляхам». Генеральная пракуратура даручыла Упаўнаважанаму па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў «ліквідаваць выяўленыя парушэнні і прыняць дадатковыя меры па папярэджанні рознагалоссяў у сферы ўзаемаадносін дзяржавы і рэлігійных арганізацыяў».

Міжнародная арэна

Святлана Ціханоўская 18 лістапада наведала Швецыю, дзе сустрэлася з кіраўніцтвам краіны. Яна заклікала Стакгольм пераарыентаваць праграмы фінансавай дапамогі, каб яны паступалі не рэжыму Лукашэнкі, а грамадзянскай супольнасці.

Ціханоўская заклікала Еўразвяз паспяшацца з эканамічнымі санкцыямі

Шведскія дэпутаты абяцалі падтрыманне ў пытанні адмены ці пераносу Чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі і ціску на кампаніі, якія працягваюць супрацу з прадпрыемствамі рэжыму, рэпрэсуюць страйкоўцаў.

Ціханоўская паведаміла, што перадала ў Брусель Спіс Тарайкоўскага і заклікала ЕЗ увесці санкцыі, у тым ліку, эканамічныя, супраць прадпрыемстваў, звязаных з Лукашэнкам. 19 лістапада ЕЗ будзе разглядаць гэтае пытанне. Святлана зрабіла акцэнт, што дапамогу грамадзянскай супольнасці Беларусі, як і санкцыі, – гэта вельмі тэрміновыя пытанні.

Святлана Ціханоўская ў Швецыі. Фота: t.me/tsikhanouskaya

Абмяркоўвалася беларускае пытанне і па іншы бок беларускай мяжы. У прыватнасці, яго, разам з сітуацыяй у Цэнтральнай Азіі, абмеркавалі міністры замежных справаў Расеі ды Кітаю. Падрабязнасці не паведамляюцца.

А Міжнародная федэрацыя хакею пакуль адклала разгляд пытання правядзення Чэмпіянату свету па хакеі 2021 года ў Менску.

МГ belsat.eu

Hавiны