Мілітарызацыя цэнтральнага апарату. Чаму афіцыйны Менск адмаўляецца ад «гульняў у лібералізм»?

Калі ацэньваць становішча Беларусі па такіх рэгулярных выказваннях Лукашэнкі, як: «будзе нялёгка», «будзе цяжка», «няпросты год», «трэба напружыцца» і г.д., то можна зрабіць выснову, што краіна знаходзіцца ва ўмовах пастаяннай знешняй аблогі. Акрамя таго, уся гэтая барацьба ў рамках кіравання Лукашэнкі не прыводзіць да паляпшэння сітуацыі і не дапамагае ў жыццё, але пагаршае становішча, нібыта ўцягвае Беларусь у спіраль праблемаў і цяжкасцяў.

Мяркую, што і сам кіраўнік Беларусі ўсведамляе, што яго палітыка завяла краіну і грамадства ў геапалітычны і эканамічны тупік, што ягонае кіраванне разбурае дзяржаву і нацыю. Тым не менш, гэта не падстава адмаўляцца ад улады або змяніць змест палітыкі, якая працягвае абапірацца на рэпрэсіі і маніпуляцыі. «Парламенцкая кампанія», якая прайшла нядаўна, і распачаты працэс падрыхтоўкі да «кампаніі прэзідэнцкай» з’яўляюцца таму доказам. Разам з тым, прэзідэнцкія «выбары» 2020 года пройдуць у цяжкіх палітычных і эканамічных умовах і будуць патрабаваць напружання ўсіх рэсурсаў дзяржаўнай сістэмы.

Менавіта гэтым можна патлумачыць нечаканыя кадравыя перастаноўкі ў вышэйшым кіраўнічым звяне Адміністрацыі прэзідэнта і прызначэнне на пасаду кіраўніка АП былога першага намесніка старшыні КДБ генерал-маёра Ігара Сергяенкі.

Hавiны
З контрвыведкі ў Адміністрацыю. Галоўнае пра генерал-маёра Ігара Сергяенку
2019.12.05 16:43

Прыход сілавіка ў цэнтральны апарат адміністрацыйнага кіравання будзе азначаць яго мабілізацыю (у нейкай ступені мілітарызацыю) і арыентацыю на асабліва рэпрэсіўныя метады ў вырашэнні крытычных задач. Беларусь безумоўна знаходзіцца на парозе глыбокага ўнутранага і знешнепалітычнага крызісу. Гэты крызіс вызначаецца 3 галоўнымі фактарамі:

  • ціск Расеі ў рамках прасоўвання паглыбленай інтэграцыі;
  • унясенне сістэмных зменаў у Канстытуцыю, іх укараненне і звязаная з гэтым перанастройка дзяржаўнай машыны на новыя параметры;
  • арганізацыя і правядзенне выбараў у новых геапалітычных рэаліях і на аснове новай Канстытуцыі

Для аўтарытарнай дзяржавы такія глыбокія пераўтварэнні пагражаюць сур’ёзнымі ўзрушэннямі, інстытуцыянальнымі зрухамі і непрадказальнымі рэакцыямі як унутры грамадства, так і за мяжой.

Акцыя пратэсту супраць прэзідэнцкага дэкрэту №8. Фота belsat.eu

Таму, на думку Лукашэнкі, канцэнтрацыя ўсіх рычагоў кіравання ў руках сілавікоў, зніжэнне пагроз – лепшы спосаб крызіснага кіравання і магчымасць перажыць «цяжкі» 2020 год. Па ўсёй бачнасці, высокія палітычныя рызыкі і «надзвычайнасць» сітуацыі вымусілі ўлады адмовіцца ад «гульняў у лібералізм» і ад фармальнай прысутнасці «незалежных кандыдатаў у парламенце». Такім чынам, кантрольна-рэпрэсіўны апарат павінен будзе сканцэнтравацца на вырашэнні глабальных задач, а не распыляць рэсурсы на рэалізацыю другараднага кантролю.

У сваю чаргу, палітычная мілітарызацыя наўпрост пацвярджаюць факт таго, што інтэграцыйная вайна і канстытуцыйныя змены будуць мець велізарныя наступствы для краіны.

Меркаванні
Яна сустракалася з дзецьмі, маці і прадстаўнікамі народу рома
2019.12.06 11:04

Так, у выпадку непадпісання «праграмы па паглыбленай інтэграцыі», Расея пачне масіраваную эканамічную і інфармацыйна-палітычную атаку на Беларусь з мэтай справакаваць сацыяльную напружанасць і распад дзяржаўных інстытутаў. У сваю чаргу, «капітуляцыя» беларускага кіраўніцтва перад Масквой таксама можа абярнуцца нарастаннем напружанасці і незадаволенасці з боку грамадзянаў, дэзарыентацыяй грамадства і бюракратычнага апарата. У гэтых умовах, сілавікі павінныя будуць забяспечыць кантроль і кіравальнасць дзяржаўнага апарату, асабліва на месцах.

Выбарчая камісія на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Што тычыцца зменаў у Канстытуцыі, то «мілітарызацыя» дзяржаўнага апарату кіравання таксама азначае, што яны будуць тычыцца пашырэння ўладных паўнамоцтваў Лукашэнкі з дапамогай маніпуляцыяў тэрмінамі і палітычнымі пасадамі. Мяркую, што гаворка можа ісці пра павелічэнне прэзідэнцкага тэрміну з 5 да 7 гадоў і ўвядзенне пасады віцэ-прэзідэнта.

Варта нагадаць, што ў 2004 годзе, калі ўлады падрыхтавалі і правялі рэферэндум па зменах у Канстытуцыю, пасля якіх кіраванне Лукашэнкі стала «неабмежаваным», кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта быў генерал КДБ Урал Латыпаў.

«Выбары» 2020 года пройдуць у цяжкіх палітычных і эканамічных умовах.
Фота: Ірына Арахоўская/«Белсат»

Прымаючы пад увагу той факт, што ломка канстытуцыі будзе праходзіць на фоне растучай незадаволенасці насельніцтва праўленнем Лукашэнкі, якая будзе ўзмацняцца за кошт пагаршэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, мілітарызацыя сістэмы становіцца проста неабходнай.

Зразумела, што за гады рэпрэсіяў пратэстны патэнцыял грамадства моцна падарваны, тым не менш, заўсёды ёсць рызыкі ўсплёску грамадзянскай актыўнасці. Больш за тое, рэвалюцыя ў Арменіі ў 2018 годзе, якая была справакаваная пераўтварэннямі Канстытуцыі, прымушаюць беларускі рэжым дзейнічаць на апярэджанне.

У такім стане аблогі будзе праходзіць прэзідэнцкая «кампанія», што безумоўна паўплывае на яе ход і змест. На мой погляд, улады будуць імкнуцца правесці яе з найменшай для сябе нагрузкай. Хутчэй за ўсё гэта будзе больш спрошчаны варыянт выбараў 2015 года, з двума-трыма тэхнічнымі кандыдатамі. Галоўны ўпор будзе рабіцца на тое, каб не дапусціць актывізацыі і мабілізацыі пратэстнага патэнцыялу грамадства, на знішчэнне самой ідэі палітычнай альтэрнатывы і на падтрыманне хаосу ў апазіцыі.

Павел Усаў/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў