18 дзён у шпіталі. Міліцыянта, які збіў кіроўцу, хаваюць, бо ягоны кіраўнік ідзе на павышэнне


Віталь Сарока пасля збіцця
Напаў упоцемку са спіны і біў міліцэйскімі ботамі ў твар са словамі: «Наступным разам – заб’ю». Гэтак святкаванне Вялікадня скончылася для кіроўцы паштовага аддзялення Узды, 42-гадовага Віталя Сарокі. Дагэтуль мужчына не здолеў прыцягнуць да адказнасці крыўдзіцеля, працаўніка мясцовага РАУСу Андрэя Карачуна. Паводле Віталя Сарокі, нападніка хаваюць ад пакарання ў шпіталях, бо начальнік РАУСу ідзе на павышэнне, а аддзел не першы год лідаруе ў рэйтынгу найлепшых у краіне.

«Збіваў у службовых ботах, я не біў у адказ»

У 1990-я Віталь Сарока служыў у памежных войсках, а пазней, каб пракарміць сям’ю, пайшоў у дальнабойнікі. Апошнія дваццаць гадоў працуе кіроўцам у паштовым аддзяленні. 27 красавіка ўвечары мужчына адпачываў у суседа на шашлыках.
Каля 22:00 да іх прыехала інспектарка ў справах няпоўнагадовых Алена Сяргеева з участковым Алегам Казлоўскім. Сямʼя знаёмца Віталя Сарокі стаіць на ўліку як праблемная. Алена Сяргеева прыехала спраўдзіць, ці спіць дачка суседавай сужыцелькі, але паводзіла сябе па-хамску, адзначае Віталь. Жанчына лаялася і звярталася да ўсіх на «ты».
«Я сказаў, што дзіцё паесць і пойдзе спаць. Папрасіў супакоіцца і не абражаць прысутных, мяне, маю сямʼю, і не тыкаць. На што яна сказала: ты яшчэ пашкадуеш. Разам з участковым Казлоўскім яны з’ехалі», – распавядае belsat.eu Віталь.
Віталь Сарока пасля збіцця

Мужчына не звярнуў увагі на пагрозы і працягнуў смажыць мяса, але праз 15 хвілінаў нехта напаў на яго са спіны, паваліў на зямлю і пачаў збіваць нагамі. У нападніку Віталь пазнаў сужыцеля Сяргеевай інспектара ДАІ Андрэя Карачуна.

«Ён называў мяне ўродам і пагражаў наступным разам забіць. Збіваў мяне ў службовых ботах, я не біў у адказ. Сяргеева і ўчастковы ўсё бачылі ды не спынілі яго. Інспектарка трымала майго знаёмца, каб ён не ўмешваўся. У нейкі момант яна сказала: «Андрэй, хопіць, кінь яго». Яны разам з’ехалі, кінуўшы мяне пад плотам. Знаёмы выклікаў міліцыю», – кажа мужчына.

Больш за два тыдні ў шпіталі

Віталь самастойна дайшоў да дому, дзе яго сустрэлі жонка і дачка. Яны ж аказалі першую дапамогу. Пазней з’явіліся працаўнікі міліцыі. Праваахоўнікі ўзялі тлумачэнні, але скаргу на Андрэя Карачуна браць адмовіліся і везці на медагляд не захацелі.
«Яны пачалі бл*каць: маўляў, на сваіх скаргаў не прымаем. На агляд і ў панядзелак сам можаш паехаць. Прыйшоў следчы, ён прыняў маю заяву, мы паехалі ў хуткую», – узгадвае суразмоўца belsat.eu.
Заява Віталя Сарокі аб збіванні Андрэем Карачуном

У мясцовы шпіталь Віталя завезла жонка. Мужчыну зрабілі аналізы і здымкі, уначы ён трапіў у палату хірургіі. Следчы запэўніў мужчыну, што ў панядзелак 29 красавіка яго накіруюць на судова-медычную экспертызу, але і медыкі і праваахоўнікі перашкаджалі Сароку трапіць да спецыяліста.

«У нашым горадзе такога эксперта няма. Яны не хацелі выпускаць са шпіталю і даваць накіраванне: маўляў, мне нельга цяпер варушыцца. Я патрабаваў зрабіць МРТ галавы, бо балела, тэмпература трымалася 37,2, а неўролаг сказаў, што мне не патрэбная тамаграфія», – распавядае пацярпелы.
Віталь Сарока пасля збіцця
Віталь Сарока ўсё ж дамогся экспертызы. У высновах эксперта, акрамя гузакоў на галаве і твары, было страсенне галаўнога мозгу і ўдар нырак – разам васямнаццаць траўмаў. Пад кропельніцай у шпіталі ён прабыў 18 дзён.
Заключэнне доктара пасля збівання Віталя Сарокі

«Ніхто не верыў, што я пайду ў суд»

Пацярпелы распавядае, усе былі ў шоку, што ён напісаў заяву на міліцыянта:

«Сяргеева пагражала суседу, каб ён замоўк і не сведчыў супраць Карачуна. Яны думалі, што выйду, забяру скаргу. У шпіталь прыходзілі калегі Карачуна, некалькі асобаў за раз, – паглядзець, што ён са мной зрабіў. Яны кажуць, што ён тады быў цвярозы. Некаторыя мяне шкадавалі, ёсць і тыя, хто спыніў кантакты са мной і маёй жонкай. А я акрамя пошты развожу пенсіі, таму мне выдаюць зброю. Кожны дзень я атрымліваю і здаю пісталет, бачу іх у аддзяленні і не разумею, як ім не сорамна глядзець мне ў вочы».
Віталь Сарока пасля збіцця. На галаве бачны след ад бота

Атрымаўшы адмову на прапанову не падаваць ў суд, Алена Сяргеева хацела прыцягнуць Віталя да адміністратыўнай адказнасці за знявагу. Маўляў, у ноч збіцця Сарока першы яе абразіў, і ў яе ёсць відэадоказ. Аднак суд высветліў, што жанчына першая пачала лаяцца і справакавала скандал.

«Грошы, гаварылі, перададуць праз трэцюю асобу. Я сказаў, што не, дасылайце на картку або электронны перавод. На гэтым і скончылася, ніхто са мной не звязваўся», – цвердзіць Сарока.
Віталь Сарока пасля збіцця. На галаве бачны след ад бота

Супрацоўнікі міліцыі не рабілі дакладнага правярання паводле заявы, сцвярджае Віталь Сарока. Мужчына кажа, што допыт сведкаў адцягвалі, а ягоная жонка сама бегала, шукала сведкаў.

Следчы камітэт кваліфікаваў справу паводле артыкулу 153 КК («Лёгкія цялесныя пашкоджанні»). Правяранне скончылі 10 чэрвеня і напісалі пацярпеламу, што той можа звярнуцца ў суд, каб распачаць крымінальную справу супраць Карачуна.

Разгляд справы зайшоў у тупік

Андрэй Карачун за ўвесь гэты час ані разу не з’явіўся на паседжаннях. Кожны раз за яго прыносілі бальнічныя лісты, адкрытыя за дзень да судовага разгляду.
«Карачун хаваецца ў шпіталях. Нібыта ўвесь час хварэе. Я пытаюся: чаму вы не камісуеце яго, калі ён хварэе з красавіка? У той жа час ён гойсае па горадзе, і бачылі яго неаднаразова. Суддзя таксама стаміўся ад гэтага фарсу. Аднойчы ён спрабаваў зрабіць выязное паседжанне. Пакуль збіраў даведкі, Карачуна рэзка выпісалі. Усё ідзе па коле. Як толькі прызначаецца паседжанне, Карачун – зноў у шпіталі. І кожны раз у новым», – распавядае Віталь Сарока.
Адна з даведак Андрэя Карачуна

Віталь Сарока пісаў міністру ўнутраных справаў Юрыю Караеву, але атрымаў адпіску з УУС Менаблвыканкаму, што бальнічныя – сапраўдныя, і хворага нельга прыцягнуць да адказнасці, пакуль ён не выздаравее. Таксама яму параілі самастойна знайсці Карачуна, каб даказаць, што ён ашуквае. Такія паводзіны Віталь тлумачыць тым, што ў лістападзе Андрэй Карачун датэрмінова выходзіць на пенсію.

«Відаць, цягнуць час. Пагатоў начальнік РАУСу ідзе на павышэнне, не хочуць псаваць статыстыку, паводле якой Уздзенскае аддзяленне міліцыі – у тройцы найлепшых у краіне», – робіць высновы наш суразмоўца.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў