Мікалая Статкевіча затрымалі перад паездкай у Кіеў. Цяпер ён на Акрэсціна


Палітыка арыштавалі на наступны дзень пасля акцыі памяці ахвяраў сталінізму каля будынку КДБ – і напярэдадні паездкі Статкевіча на кіеўскую сесію Еўранэсту. Цяпер ён, імаверна, адбывае 5-суткавы арышт на Акрэсціна.

Марына Адамовіч, жонка палітыка, паведаміла belsat.eu, што цягам 30 кастрычніка іх дом быў у аблозе людзей у цывільным. «У дзверы ламіцца, аднак, не наважыліся, – кажа спадарыня Марына.

«Мікола павінен быў сустрэцца сёння з сябрамі, каб абмеркаваць некаторыя справы – мяркую, яго хацелі арыштаваць яшчэ перад пачаткам сустрэчы. Аднак арыштавалі пасля: нас спыніла машына ДАІ, а потым пад’ехаў мікрааўтобус. Усе ў найлепшых традыцыях, – кажа Марына Адамовіч.

Сёння раніцай яна паведаміла, што Статкевіч быў змешчаны ў ЦІП на Акрэсціна. Адміністратыўны арышь, імаверна, працягнецца 5 содняў.

Паводле Адамовіч, 31 кастрычніка Мікола Статкевіч павінен быў удзельнічаць у сесіі парламенцкай асамблеі Еўранэст у Кіеве.

Даведка belsat.eu. Парламенцкая асамблея Еўранэст (Euronest Parliamentary Assembly) складаецца з дэлегацыі Еўрапарламенту і дэлегацыяў краінаў-удзельніц Усходняга партнёрства – Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы ды Украіны. Еўрапарламент прадстаўляць 60 дэпутатаў, удзельніц УП – па 10 прадстаўнікоў ад кожнай краіны.

«Найбольш мне «падабаецца» тое, што гэтае затрыманне адбываецца на фоне так званай лібералізацыі і збліжэння з Захадам», – дадае Марына Адамовіч.

Статкевіча затрымалі за акцыю, якая адбылся ў Менску 8 верасня. На свабоду палітык мусіць выйсці 4 лістапада.

ДД/КА belsat.eu

Стужка навінаў