Міколу Статкевіча затрымалі і асудзілі на 5 содняў


Мікола Статкевіч

Апазіцыйнага палітыка пазбавілі магчымасці ўзяць удзел у акцыі 1 траўня, далучыцца да якой ён заклікаў беларусаў.

Мікола Статкевіч знаходзіцца ў менскім ізалятары на вуліцы Акрэсціна. Учора яго затрымалі і асудзілі на 5 содняў адміністрацыйнага арышту. Гэтую інфармацыю паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч, якой факт затрымання пацвердзілі ў Ленінскім РУУС Менску.

Сувязь з мужам Марына Адамовіч згубіла ўчора пасля 17-й гадзіны.

Сын Марыны Адамовіч пра затрыманне

Нягледзячы на масавыя затрыманні ды агрэсіўныя дзеянні ўладаў Статкевіч заклікаў не спыняць пратэстаў, а выходзіць на мірныя акцыі 1-га траўня і на Дзень Перамогі, каб «ускласці кветкі разам з ветэранамі ў спадзяванні, што Беларусь зноў будзе вызваленая». Апазіцыйны палітык перадаў у Менгарвыканкам заяву, у якой паведаміў аб правядзенні 1 траўня святочнага сходу на Кастрычніцкай плошчы.

Статкевіч заклікаў 1 траўня выйсці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску

Напярэдадні 25 сакавіка, калі ў Менску збіралася масавая акцыя з нагоды Дня Волі, Мікалая Статкевіча выкралі супрацоўнікі КДБ і тры дні пратрымалі ў турме. 27 сакавіка зранку яго вывезлі ў паселішча Сокал пад Менскам і адпусцілі. Пры гэтым Марыне Адамовіч усе гэтыя дні адказвалі, што ані ў КДБ, ані ў МУС не ведаюць, куды знік палітык.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў