Міколу Статкевіча чакае новы суд. Могуць перавесці з калоніі ў турму


Адміністрацыя калоніі вырашыла, што экс-кандыдат у прэзідэнты «не стаў на шлях выпраўлення».

Пра гэта паведаміла ў сваім Facebook жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч.

«Адміністрацыя вырашыла, што ён настолькі «не стаў на шлях выпраўлення» і «мае намер весці злачынны лад жыцця», што яго далейшае ўтрыманне ў гэтай высокамаральнай установе немагчымае. Таму, 9-га красавіка нейкая там камісія ў шклоўскай ПК-17 вырашыла адправіць яго на турэмны рэжым да канца тэрміну», – напісала Марына Адамовіч.

Калі суд, невядома. У Міколы Статкевіча на сёння 13 спагнанняў, з якіх 10 – за «адмову ад працы», паведамляе жонка палітвязня.

Мікола Статкевіч быў затрыманы 19 снежня 2010-га года пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. 26 траўня 2011 года яго асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Міколу Статкевічу ўжо прызнавалі злосным парушальнікам у шклоўскай калоніі, за што суд пераводзіў яго ў магілёўскую турму. Афіцыйнай прычынай суд тады таксама назваў тое, што «палітык не стаў на шлях выпраўлення». Фармальнай жа прычынай для абвінавачвання стала тое, што асуджаны палітык знаходзіўся без біркі з нумарам зняволенага на адзенні, а таксама не пазначыў у спісе асабістых рэчаў шкарпэткі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў