Мікола Статкевіч: Кондрусь зрабіў адзіны даступны для зэка крок пратэсту


Жахлівае і надзвычайнае здарэнне ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Уладзімір Кондрусь спрабаваў ускрыць сабе вены наўпрост у зале суда. Удзельніка Плошчы-2010 затрымалі праз пяць гадоў пасля падзеі ды абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых закалотах.

Падавалася б, справа Плошчы ўжо даўно скончаная, а ўсе асноўныя яе фігуранты на волі. Аднак рэпрэсіўная машына не спыняецца. Уладзіміру Кондрусю пагражае да 8 гадоў зняволення. Кіруе працэсам суддзя Святлана Бандарэнка.

Падсудны на знак пратэсту спачатку ляжаў на падлозе, потым спрабаваў ускрыць сабе вены. Яму прызначылі псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. Суд пакуль скончыўся, не паспеўшы, па сутнасці, пачацца.

Кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010-ым годзе, былы палітвязень Мікола Статкевіч заўважыў, што Уладзімір Кондрусь паводзіў сябе годна ў зале суда.

«Па-першае, Уладзімір Кондрусь адразу даў зразумець, што ігнаруе гэты суд. Самая вышэйшая ступень ігнаравання – легчы нізка, каб суддзя нават не магла бачыць за лавай. Ён адмовіўся ўвогуле размаўляць, а калі суддзя прыняла рашэнне аб выдаленні Уладзіміра, ён зрабіў спробу ўскрыць сабе вены. Гэтая спроба была спыненая міліцыянтамі, але кроў на падлозе была, бо потым прыходзіла прыбіральшчыца, выцірала гэтую кроў. Ён зрабіў адзіны даступны крок для зэка, каб выказаць пратэст. Гэты крок выкарыстоўваюць людзі, даведзеныя да крайнасці несправядлівасцю, якія не маюць іншай магчымасці пратэставаць. І ён гэта зрабіў, ён выйшаў з гэтага спектаклю. Ён гэту гульню ў суд, бо які суд? Банда – можна так казаць – ва ўладзе ў краіне і гэта яе суд. Гэта помста прыстойнаму чалавеку, які перашкаджаў бандзе здзяйсняць свае злачынствы», – заўважыў спадар Статкевіч.

Былы палітвязень заўважыў, што бачыў у турме шмат выпадкаў, калі нехта спрабаваў ускрываць сабе вены, але для родных Уладзіміра Кондруся гэта было вельмі балюча. Калі сваякі падсуднага пачалі крычаць, звяртаючыся да прадстаўніцы пракуратуры, каб да зняволенага дапусцілі жонку Мікалая Статкевіча – Марыну Адамовіч, якая па прафесіі лекарка, то пракурор пачала смяяцца.

«Гэта ўвогуле… Ці людзі гэта ў пагонах, нават тыя, якія завуцца жанчынамі», – адзначыў былы палітзняволены.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў