Падчас будаўніцтва Беларускай АЭС загінуў яшчэ адзін чалавек


На будаўніцтве Атамнай электрастанцыі ў Астраўцы загінуў яшчэ адзін чалавек.  Інфармацыю пра трагедыю пацердзілі ў Дырэкцыі АЭС, аднак падрабязнасцяў не паведамляюць.

Першым пра здарэнне паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» грамадскі актывіст Мікалай Уласевіч – адзін з ініцыятараў антыядравай кампаніі „Астравецкая АЭС – гэта злачынства!»

Здарэнне адбылося 26 жніўня каля 17:00 гадзіны. На чалавека ўпаў кіслародны балон, які ўзарваўся. У выніку мужчына, імя якога невядомае, загінуў. «Гэта ўжо дзявятая або дзясятая людская ахвяра, якую праглынула гэтае злашчаснае будаўніцтва», – адзначыў Мікалай Уласевіч.

Паводле яго, яшчэ адна навіна насцярожвае. «Расейцы нібыта не хочуць мяняць пашкоджаны корпус рэактара насуперак патрабаванням беларускага боку. Гэтая іхная пазіцыя з’явілася пасля таго, як яны самі правялі абследаванне стану корпуса. Людзі будзьце пільныя», – заўважыў прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Мікалай Уласевіч першы паведаміў пра падзенне корпуса рэактара на Беларускай АЭС. Толькі пазней Міністэрства энергетыкі пацвердзіла гэтую інфармацыю.

Мікалай Уласевіч балатуецца ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі па Смаргонскай акрузе № 59 у дэпутаты. Раённая газета «Астравецкая праўда» адмовілася публікаваць праграму апазіцыянера.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў