Мікалай Статкевіч заклікае прадпрымальнікаў ісці на Адміністрацыю «прэзідэнта»


22 лютага айчынныя ІП зноў выйдуць на Кастрычніцкую плошчу ў Менску. Былы палітвязень прапануе зазірнуць у госці да кіраўніка Беларусі. Чарговы мітынг супраць Указу №222 прызначаны на 12-ю гадзіну.

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч прапанаваў перад мітынгам прыйсці да будынку Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, каб перадаць кіраўніку краіны заявы з патрабаваннем адмяніць Указ №222.

«Ведаю, што ў панядзелак 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску адбудзецца чарговы мітынг у падтрымку ІП. Падтрымоўваю гэты мітынг, але прапаную перад яго пачаткам прыйсці да прыёмнай адміністрацыі “прэзідэнта” і прынесці з сабой заявы з патрабаваннем адмены ўказа 222, адмовы ад абмежаванняў на атрыманне і асабісты ўвоз рэчаў з-за мяжы, зніжэння коштаў паслуг ЖКГ. Заявы можна і не аддаваць, але варта прыйсці адначасова, каб самым фактам нашага масавага прыходу мы маглі паказаць нашую нязгоду са спробай улады за наш кошт ліквідаваць наступствы свайго бязглуздага кіравання эканомікай. У іх ёсць шмат іншых спосабаў зэканоміць. Напрыклад, скараціць колькасць дармаедаў ад улады», – напісаў палітык у сваім «Facebookʼу».

Указ №222 пазбавіў прадпрымальнікаў права гандляваць несертыфікаванымі замежнымі таварамі лёгкай прамысловасці. Паводле Указу, гандаль магчымы толькі ў выпадку наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і паходжанне тавараў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў