Мікалай Статкевіч: «Усе дэпутаты фальшывыя. Сапраўдных дэпутатаў няма»


Апошнія парламенцкія выбары былі падсумаваныя ў Бруселі прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Дэлегацыя ў справе сувязяў Еўрапарламенту з Беларуссю не толькі прыслухоўвалася да справаздачаў, але рабіла свае высновы. Для абʼяднанай Еўропы яны відавочныя, як і раней.

Выбары прызнаць немагчыма

«З аднаго боку, доступ да выбарчай працэдуры быў прасцейшы, чымся год таму. Але, што датычыць самога галасавання, застаецца шмат тых самых, што і дагэтуль, сумневаў. Прызнаць гэтыя выбары выбарамі, які адбыліся паводле дэмакратычнай сістэмы, немагчыма», – зазначыў Богдан Здраеўскі, старшыня дэлегацыі ў сувязях Еўрапарламенту з Беларуссю.

Адназначная ацэнка грунтуецца на выніках назірання АБСЕ. Прадстаўнікі гэтай арганізацыі, прысутныя сёння на паседжанні працоўнай групы ў справе Беларусі Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» («Еўранэст») і дэлегацыі Еўрапарламенту, наблізілі працы над фінальнаю справаздачаю пра парламенцкія выбары ў Беларусі. Назіральнікі заўважылі толькі невялічкія станоўчыя змены.

«Мы бачылі гэтыя выбары як вакно магчымасцяў для ўладаў Беларусі і спадзяваліся на больш істотныя змены. Якія, на жаль, не адбыліся», – падсумаваў электаральную кампанію віцэ-старшыня АБСЕ Кент Герстэт.

Апазіцыя ў парламенце – не апазіцыя?

Сярод зменаў, якіх дасюль не было, – з’яўленне ў Палаце прадстаўнікоў дзвюх прадстаўніц ад дэмакратычнае супольнасці. Частка апазіцыі, якая пастанавіла не браць удзелу ў выбарчай кампаніі, не лічыць гэта поспехам.

«Усе дэпутаты фальшывыя. Сапраўдных дэпутатаў няма. Няважна ад якой яны арганізацыі – яны фальшывыя. У Беларусі замест парламенту тэатр марыянетак», – упэўнены апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч.

У Бруселі ж пакуль прыглядаюцца да працы дэпутатаў ад незалежных арганізацыяў.

Але, паводле некаторых прадстаўнікоў апазіцыі, прысутнасць у Палаце прадстаўнікоў незалежных дэпутатаў можа адчыніць дзверы ў парламенцкую асамблею «Еўранэст» прызначаным уладамі парламентарам. Дасюль Беларусь – адзіная краіна, якую ў інтэграцыйным праекце з абʼяднанаю Еўропаю рэпрэзентоўвае апазіцыя. Супраца з Палатаю прадстаўнікоў дасюль не была магчымая з прычыны брутальных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Цяпер сітуацыя можа змяніцца. Не выключаюць, што для апанентаў Лукашэнкі гэта адзін з апошніх такіх візітаў у Брусель.

«Гэта іхная справа з кім яны будуць дачыняцца. Кожны сам выбірае сабе партнёраў. Але асабіста для мяне гэта будзе сігнал, калі такое рашэнне будзе прынятае, што Еўропа адмаўляецца ад сваіх каштоўнасцяў», – патлумачыў Мікалай Статкевіч.

Не ўсе апазіцыянеры згодныя са Статкевічам

Рабіць такі крок пакуль няма падставы – мяркуюць удзельнікі сустрэчы ў Бруселі, для якіх выбарчая кампанія была стымулам інтэнсіўнае працы з выбарнікамі.

«Трэба стымуляваць беларускія ўлады, каб зʼявіўся парламент, каб у людзей было права выбару. Калі вы прымаеце сёння тых, каго прызначыў Лукашэнка – вы не матывуеце ўлады ісці насустрач сваім грамадзянам», – даводзіў Анатоль Лябедзька, старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Адметна, што з прапановаю не ўключаць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у працу «Еўранэсту» прынамсі год нечакана выступіла і прадстаўніца кампаніі «Гавары праўду!» Таццяна Караткевіч.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў