Мікалай Халезін: «Ніхто больш не павінен загінуць. Другое заданне – даць уладзе калідор сыходу»

Мастацкі кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін, адмысловец у пытанні міжнароднай супрацы ды транзіту ўлады, распавёў «Белсату», як ён бачыць мірную перадачу ўлады і хто мусіць быць у гэтым пасярэднікам.

Зараз усе з заміраннем сэрца назіраем за тым, што адбываецца ў Беларусі: фальсіфікацыя выбараў, збіванне людзей, неверагодны ўздым нацыянальнай самасвядомасці. Але не трэба забываць, што лёс нашай краіны таксама залежыць ад таго, што знаходзіцца звонку. Ці патрэбная нам дапамога міжнародных сілаў, каб пераламіць тую патавую сітуацыю, якая склалася цяпер?

Безумоўна. У Еўропе транзіт улады ад аўтарытарных рэжымаў у дэмакратычныя заўжды адбываўся, калі захоўваўся баланс ціску і знутры, і звонку. Інакш гэта не працавала. Калі краіна не атрымала сусветнай увагі, то ты не пераможаш, бо ва ўладаў заўсёды больш рэсурсаў, грошаў, зброі. Ціск звонку павінен ісці таксама моцна і дынамічна.

На сённяшні дзень быў вялікі дысбаланс. Тыя штабы, якія існавалі, не былі падрыхтаваныя да такой працы, яны былі створаныя для вырашэння выбарчых праблемаў. Але зараз, па сутнасці, сітуацыя вайны. У гэтай сітуацыі ўжо не працуюць выбарчыя штабы, неабходна пераструктуравацца. З’явіліся новыя элементы, якімі трэба кіраваць, у тым ліку, вонкавапалітычным кірункам.

Толькі тры дні таму розныя групы, якія займаюцца вонкавапалітычным кірункам, аб’ядналі свае сілы дзеля супольнай працы. Да гэтага былі вялікія праблемы, выкліканыя перадусім COVID-19, але і тым, што цяпер «час адпачынкаў», таму патрэбных людзей цяпер тэрмінова адклікаюць з адпачынкаў, каб тыя ўключаліся ў працэс.

Пра каго вы кажаце?

Гэта групы, якія ў розны час працавалі над вялікімі праектамі ў пытанні Беларусі. Напрыклад, у 2011 годзе мы дамагліся ўвядзення санкцыяў менш чым за месяц. Тады нам вельмі хутка пайшлі насустрач і кіраўніцтва ЕЗ, і кіраўніцтва ЗША. Асобна хачу адзначыць Гілары Клінтан, якая неверагодна дапамагла ў той час. Санкцыі дазволілі дамагчыся хуткага вызвалення першага эшалону палітзняволеных, а пасля і астатніх. У гэтыя групы ўваходзяць палітыкі, якія былі і знаходзяцца ва ўладзе цяпер у ЗША, Еўразвязе і Вялікай Брытаніі.

Над чым працуюць гэтыя групы?

Яны ўлічваюць розныя сцэнары развіцця падзей у Беларусі. Адна фаза – гэта калі на вуліцы знішчаюць людзей праз забойствы і гвалт. А іншая, калі ўлады спрабуюць перавесці пратэсты ў млявабягучую балбатню. Забалбатаць усіх, маўляў, у нас усё ў парадку, каб не атрымаць санкцыі. Розныя моманты патрабуюць розных рашэнняў і пад гэтыя рашэнні павінны быць падабраныя спецыяльныя людзі, якія могуць весці перамовы з уладамі, іх блізкім асяроддзем або тымі, ад каго залежыць гэта асяроддзе. Не ўсе мадэлі мы можам агучыць у эфіры. Некаторых нават прамаўляць не варта, каб улады не моцна рыхтаваліся. Таму што на сённяшні дзень улады паспрабавалі разбурыць усе раней зробленыя публічна мадэлі. У адной сітуацыі павінна ўмешвацца Ангела Меркель, у іншай – чалавек, які кіруе марскімі пяхотнікамі. Уплыў на асяроддзе і на першую асобу – гэта розныя рэчы. Як і ціск на першую асобу ці на ягонае асяроддзе.

Становішча горшае за губернатарскае

Нашая задача, як было сказана ў адным фільме, «сёння ніхто не памрэ, не ў нашую змену». То бок архі-важна, што ніхто больш не павінен загінуць. І другая задача – даць уладзе калідор сыходу. У гэтым мы адзіныя: калі ён гатовы мірна сысці і нават пакінуць кагосьці пасля сябе прызначанага, кагосьці адэкватнага, з кім можна размаўляць, то мы да гэтага праекту гатовыя. Мы нават гатовыя даць яму гарантыю поўнай бяспекі сыходу і выбар краіны, у якую хацеў бы перамясціцца. У гэтую праграму ўключаны шэраг палітыкаў з розных краін. Калі такое жаданне ўзнікне ў першай асобы альбо яго акружэння, то мы гатовыя ўключыць усю групу ў гэтую размову.

Ёсць адна не вырашаная праблема – гэта статус. Мы маем першую асобу дзяржавы дэ-факта, а дэ-юрэ ён ужо не такі. І з боку народа мы маем першую асобу, якая такой не з’яўляецца дэ-юрэ, але дэ-факта беларусы яе прызнаюць. Гэтая асоба [Святлана Ціханоўская. – Belsat.eu] павінна вызначыцца, ці падтрымлівае яна гэтыя ініцыятывы, і ці гатовая агаварыць прапанаванае мірнае рашэнне, апорай якога будзе не помста і не эмоцыі, а закон, міласэрнасць, разуменне. Гэта тое, што беларусы рабіць умеюць.

А ў вас ёсць мандат весці гэтыя перамовы ад імя беларускага народу?

Гэты мандат не павінен быць уручаны менавіта мне. Думаю, трэба даць мандат Наталлі Калядзе, якая вядзе ўсе асноўныя перамовы. Яна амаль не каментуе ход перамоваў, таму што гэта вельмі доўгія сувязі – гэта 20 год зносінаў на розных узроўнях – ад першых да наступных асобаў, якія прымаюць рашэнні. Я магу прадстаўляць такую групу і казаць ад яе асобы. А чалавек, які вядзе перамовы – не павінен гаварыць з журналістамі, таму што заўсёды будзе рызыка сказаць журналістам нешта не своечасова.

Палітыка любіць цішыню?

Не заўсёды. Калі прымаецца такое складанае рашэнне, то кожнае слова каштуе не грошаў, а жыццяў. Кожнае прамоўленае слова нясе за сабой наступствы ў дадзенай сітуацыі.

Акцыя салідарнасці прадстаўнікоў закладаў грамадскага харчааання ў Берасці, Беларусь. 23 жніўня 2020 г. Фота: МХ / belsat.eu

Ці на Захадзе гатовыя прызнаць Святлану Ціханоўскую абранай прэзідэнткай Беларусі?

Мне здаецца, што дэ-юрэ ў нас няма права прызнаць яе, таму што мы не можам даказаць, што менавіта яе абралі. Беларусы разумеюць, што яе абралі, але ў нас няма доказаў. А бюлетэні ўжо спалілі. За гэта, вядома, павінна адказваць кіраўніца Цэнтрвыбаркама, але мы яе не бачым наагул нідзе. Нам застаецца варыянт прызнаць Святлану дэ-факта чалавекам пераходнага перыяду, тым больш што яна кажа вельмі правільныя рэчы. Яна гатовая быць лідарам (яна ж не называе сябе абраным прэзідэнтам і правільна робіць) і забяспечыць пераходны транзітны перыяд. Пад гэтую справу павінна быць створана юрыдычная група, магчыма з удзелам тых субʼектаў, якім мы давяраем (умоўна кажучы, Еўразвяз і нават суседнія краіны). Але ў першую чаргу беларусы, таму што толькі беларусы могуць вырашаць свой лёс, і юрыдычна прапрацаваць варыянт пераходу ўлады. Патрэбны пераходны лідар, які перадасць паўнамоцтвы прафесіяналам. Гэта самы важны момант, якім цяпер грэбуюць.

Цяпер перыяд, калі павінны ўключацца прафесіяналы. Не прафесійныя балбатуны, не прафесійныя палітыкі, а прафесіяналы, якія займаліся «транзітнымі» праектамі, звязанымі не толькі з аказаннем ціску на ўладу, але і выбудоўваннем структуры пераходу. Вось, хто на сённяшні дзень павінен вызначыць юрыдычны пераход. Калі будзе абвешчана аб выбарах? Як будзе праходзіць працэдура? Хто будзе прызначаны кіраўніком ЦВК? Усё гэта пытанні, без якіх мы не зможам рухацца далей. І прафесіяналы, напэўна, самі вырашаць, у каго ім папрасіць парады, з кім ім размаўляць. Можа варта прывесці еўрапейскіх палітыкаў, якія бліскуча зарэкамендавалі сябе за ўсе гады і якім мы давяраем. Яны б маглі кансультаваць на самыя розныя тэмы – ад выбараў да вырашэння канфліктаў унутры – з заводамі, чыноўнікамі, вайскоўцамі. Такіх людзей дастаткова шмат, іх хапае і яны гатовыя пачаць працаваць. На міжнародным узроўні нам не адмовіў ні адзін чалавек.

«Ад патрабаванняў адстаўкі Лукашэнкі не адмаўляюцца». Як бастуюць на «Горадня Азоце» і МАЗе?

Якая роля Расеі ў гэтым працэсе? Бо мы бачым, што Крэмль відавочна актывізаваўся ў апошні тыдзень.

Гэта пытанне тактыкі. Расея павінна сама прапанаваць варыянт, якім чынам яна хоча ўдзельнічаць. Калі яна дапаможа ў гэтым працэсе – усе будуць рады. Калі яна захоча праявіць іншыя механізмы – прывозіць сваіх прапагандыстаў ці сілавікоў, то пра што тады казаць? Другое пашырае канфлікт і таму адштурхне ад Расеі нават тых, хто глядзіць туды з сімпатыяй. Яны зразумеюць, што Расея падтрымлівае Лукашэнку і гатовая на ўзброены канфлікт унутры краіны. Гэта ніколькі не дадасць ёй балаў. Я б катэгарычна не рэкамендаваў так дзейнічаць, таму што гэта абсалютна не дарослая пазіцыя. Так, актывізаваліся ўсе, бо ўсе хочуць утрымаць кантроль. Але я пакуль не пачуў ніводнага палітыка, які б сказаў, што ён гатовы разарваць адносіны з Расеяй, разарваць міжнародныя дамоўленасці. Нічога падобнага выказана не было. І чаму ў некаторых расейскіх палітыкаў паўстала істэрыка – я не вельмі разумею. Чамусьці ў Арменіі нічога не адбылося брутальнага: Пашынян спакойна мае зносіны з Расеяй, працэсы ідуць, нічога страшнага не адбываецца. Тое ж самае можа быць і тут. І калі ёсць жаданне прыцягнуць Пашыняна да міжнародных перамоваў – мы да гэтага гатовыя. Больш за тое, у нас ужо ёсць пэўныя дамоўленасці з армянскім бокам.

Дызайнер Уладзімір Цэслер з’ехаў з Беларусі

Ці магчыма вырашыць беларускае пытанне без Крамля?

Я не прыхільнік таго, каб вырашаць гэта без Расеі. Хаця б таму, што адмяжоўванне любой краіны выкліча непрыманне гэтай краіны. Няхай гэта будзе Расея ці Польшча, ці Літва. Расея гатовая прапанаваць сваіх прадстаўнікоў, каб быць у курсе, як праходзіць працэс, каб Расея разумела, што гэты працэс не пагражае яе бяспекі, то чаму не?

Але мы не павінны вырашаць лёс Беларусі без саміх беларусаў і саміх грамадзянаў, і гэта хіба самае галоўнае да чаго мы вядзем у гэтай размове.

Калі прафесіяналы з Беларусі не ўдзельнічаюць у міжнародным працэсе, для мяне не мае значэння, хто будзе весці працэс. Я буду і супраць таго, каб гэта вёў толькі ЕЗ, толькі Амерыка ці толькі Расея. Таму што гэта пытанне беларускае ў першую чаргу. І калі беларусы вырашаць уцягнуць у гэта тыя краіны, якія адказвалі за Беларусь па розных пагадненнях, то гэта будзе рашэнне беларусаў. Але не можа быць так, каб нават палітыкі ЕЗ вырашалі далучаць беларусаў у гэты працэс ці не. Гэта будзе выглядаць гэтак жа смешна.

Hавiны