Мікалай Дзядок: Расейскіх шавіністаў неабходна ставіць на месца


Былы палітвязень Мікалай Дзядок распавёў пра небяспеку расейскага шавінізму, пра недасканаласці інстытуту прэзідэнцтва, а таксама пра сапраўдны анархізм – усё гэта ў інтэрвю журналісту Belsat.eu Яўгену Балінскаму.

– Сёння Аляксандру Лукашэнку 61 год. Ці хацелі б павіншаваць?

– Не, віншаваць яго я не хачу. Ён мне ні сябар, ні брат, ні сват, і нічога з таго, што ён робіць цягам апошніх 20 гадоў мне не падабаецца.

Дыктатура: на шляху да легітымізацыі?

– «Міратворчая» роля па сітуацыі ва Украіне, вызваленне палітвязняў, магчымая адмена санкцыяў, парад інтэрвю недзяржаўным (і замежным) медыям, магчымы візіт на саміт ААН у Нью-Ёрку – Лукашэнка стаіць на шляху легітымізацыі свайго рэжыму ў вачах Захаду?

– Сапраўды, легітымізацыя не выключаная. Тым больш, у пэўнай меры гэта будзе выгадна і для Еўропы, але сутнасць гэтага рэжыму пры Лукашэнку не зменіцца ніколі. Дыктатура будзе развівацца толькі па ўзыходзячай, будзе ісці толькі да ўзмацнення жорсткасці, а ніяк не да змякчэння. Ніякіх ілюзіяў адносна дэмакратызацыі рэжыму сілкаваць ні ў якім выпадку нельга. Вонкавая легітымізацыі на фоне пагаршэння адносінаў Захаду з Расеяй магчымая – рэжым Лукашэнкі будзе выглядаць крыху лепш на фоне пуцінскага рэжыму.

– Мяркуючы па інтэрвю з нядаўна вызваленымі палітвязнямі, ніхто не адмовіўся ад сваіх ранейшых поглядаў – у сістэмы не было мэты зламаць вас?

– Мэта была, але яны яе не дамагліся. Мы памятаем, што раней шмат хто з палітвязняў пісаў прашэнне пра памілаванне, шмат хто пачаў агаворваць таварышаў і супрацоўнічаць са спецслужбамі яшчэ на стадыі следства. Мэта зламаць людзей была дасягнутая, на жаль, у дачыненні шмат да каго, але цяпер вызвалілі тых людзей, якія цягам шматлікіх гадоў адмаўляліся пісаць прашэнне пра памілаванне. Мэты сваёй спецслужбы не дасягнулі, нягледзячы на тое, што моцна да яе імкнуліся.

– Нядаўна Вы сказалі: «Як ні дзіўна, у турме я стаў больш любіць людзей». Вы даравалі тым канкрэтным людзям, суддзям і следчым, якія Вас асудзілі?

– Так, па-чалавечы я ім дараваў. Хаця і не здымаю з іх адказнасці за ўсё тое, што яны зрабілі. Я па-ранейшаму лічу іх нізкімі і подлымі людзьмі, але нейкай выключнай нянавісці да іх я не маю.

Касметычны рамонт і карані несправядлівасці

– Пытанне да Вас як да анархіста. У розумах простых абывацеляў анархізм асацыюецца з беспарадкамі, пагромамі, злачынствамі. Што такое анархізм?

– Анархізм – гэта дабро і справядлівасць. У практыцы – гэта прамое дзеянне ўсіх працоўных, прыгнечаных дзеля дасягнення лепшага і больш справядлівага свету. У першую чаргу медыі сфармавалі вобраз анархізму як нейкага хаосу і беспарадку. Анархісты па ўсім свеце ладзяць вельмі шмат пазітыўных ды канструктыўных акцыяў: дапамога абяздоленым, адукацыйныя праекты, дапамога мігрантам, культурніцкія акцыі. Але па тэлевізары пачынаюць паказваць анархістаў толькі тады, калі яны возьмуць палкі і каго-небудзь паб’юць. Радыкальныя і гвалтоўныя акцыі – невялікая частка агульных дзеянняў анархісцкага руху. Медыі ставіцца да нас перадузята, таму што звычайна яны належаць людзям ад улады, палітычнай эліце, якая не зацікаўленая ў тым, каб прыгнечаныя атрымлівалі больш правоў ды вялі паспяховую барацьбу за свае правы.

– Чым тады анархізм адрозніваецца ад іншых палітычных сілаў, якія таксама «за дабро і справядлівасць»?

– Адрозненне ў тым, што мы не плануем займацца касметычным рамонтам гэтай сістэмы. Мы бачым, што ўсе змены, якія хочуць зрабіць ліберальныя або сацыял-дэмакратычныя сілы – яны ўсё носяць касметычны характар. Яны не змяняюць мэты ды сутнасці сістэмы, а толькі крыху яе «раўняюць» у розных месцах. А сістэма як транслявала зло, гвалт і сацыяльную несправядлівасць, так і працягне. Мы глядзім у корань зла – іерархічныя адносіны паміж людзьмі (улада чалавека над чалавекам), існаванне бюракратычнай машыны, капіталізму, які прадугледжвае эксплуатацыю адных людзей іншымі. Мы хочам вырваць несправядлівасць з коранем. Анархізм – адзіная ідэя, якая прапануе комплекснае і ўсебаковае вырашэнне праблемы няроўнасці. Гвалту, войнаў ды ўсяго іншага.

Пра акцыю руху «Пошуг». Ідзе па Менску ні ў чым не вінаваты чалавек у саколцы з надпісам «Я – русский», да яго падскокваюць агрэсіўныя людзі ў масках, мацюкаюцца, затрымліваюць яго і прылюдна здзіраюць надпіс з адзення, называючы сябе пры гэтым этна-анархістамі. Гэта анархізм ці прыніжэнне чалавечай годнасці?

– Такія майкі ў асноўным носяць рускія нацыяналісты і нацысты, не прызнаюць існаванне беларусаў як такіх, пагардліва ставяцца да беларускае мовы, культуры. Тут яны выступаюць у якасці культурна-нацыянальных агрэсараў. Нічога не маю супраць таго, каб гэтых людзей ставілі на месца, і вучылі ўсімі даступнымі метадамі.

Надпіс «Я – русский», як партрэт Гітлера?

– А калі беларус у вышыванцы з’явіцца ў Маскве?

– Я не ведаю, што будзе ў Маскве, тым больш ва ўмовах сённяшняй шавіністычнай істэрыі ў Расеі. Трэба змагацца з шавіністамі ды імперыялістамі, якія маюць сваёй мэтаю прыніжэнне людзей па нацыянальным, этнічным ці рэлігійным прынцыпе. Асабіста я дапускаю і радыкальныя метады барацьбы з імі, бо гэтыя людзі небяспечныя для навакольных. Яны сеюць міжнацыянальную варожасць у грамадстве.

– Але мы ж нічога не ведаем пра гэтага мінака…

– Пра ягоныя погляды сведчыць тая саколка, якую ён начапіў. Калі я быў на волі, саколкі з надпісам «Я – русский» насілі выключна расейскія нацыяналісты, фашысты ды нацысты. Не ведаю, як цяпер, магчыма цягам пяці гадоў нешта змянілася. Раней, калі я быў на волі, наўрад ці такую ​​саколку начапіў бы просты мінак. Таксама як просты мінак хутчэй за ўсё не апрануў бы саколкі з Гітлерам.

– Ці мы не стаім на парозе сурёзнай небяспекі, калі большая частка насельніцтва Украіны ці Беларусі проста пачне стрыгчы расейцаў і ўсё расейскае пад адзін грэбень, сілкуючы лютую нянавісць да ўсяго, што звязана з Расеяй?

– Вядома, можа быць небяспека міжнацыянальных канфліктаў. Народы не павінны адказваць за ненармальныя і вар’яцкія дзеянні сваіх кіраўнікоў. Не павінна быць сітуацыі, калі паны б’юцца, а ў халопаў чубы трашчаць, што вельмі часта, на жаль, і здараецца. Народы Беларусі, Украіны, Расеі, Латвіі, Польшчы ды іншыя павінны аб’яднацца ў барацьбе супраць сваіх начальнікаў, у барацьбе за пабудову грамадства сацыяльнай справядлівасці. Гэта адзіная мэта, якая мае сэнс для ўсіх народаў, а не грызці адзін аднаму глоткі за высвятленне таго, чыя дзяржава круцейшая ды больш магутная.

– «Адзіны» кандыдат Статкевіч, байкот, хтосьці з прэтэндэнтаў – якія Вашыя сімпатыі ў перадвыбарчай кампаніі?

– Не толькі гэтыя, але і любыя прэзідэнцкія выбары ў цэлым мае сэнс байкатаваць. Інстытут прэзідэнцтва сам па сабе не з’яўляецца дэмакратычным – адзін чалавек не можа нічога вырашаць за некалькі мільёнаў іншых. Гэта прафанацыя дэмакратыі, а не дэмакратыя. Усе гэтыя выбары пазбаўленыя сэнсу – перамагае той, хто мае больш адміністрацыйнага і матэрыяльнага рэсурсу. У Беларусі ж гэта наагул скацілася на ўзровень нейкага смешнага і дзяжурнага мерапрыемства.

– Нядаўна Вы сказалі, што не бачыце «пратэставай актыўнасці і грамадзянскага ўздыму, але ў любую хвіліну ўсё можа змяніцца». Ёсць і падатак на дармаедства, і складаная сітуацыя ў эканоміцы, і абмежаванні ўсялякіх неадемных правоў чалавека – што яшчэ мусіць здарыцца, каб «усё змянілася»?

– У большасці выпадкаў спускавым кручком для народных бунтаў і паўстанняў з’яўляецца сурёзнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Калі б французы ці італьянцы патрапілі ў такую ж эканамічную сітуацыю, пад падобны адміністрацыйны ціск, яны бы ўжо даўно паўсталі ды пачалі радыкальную барацьбу. З шэрагу розных гістарычных прычынаў беларусы гэтага цяпер не робяць. Але цярпенне народа не бязмежнае. Калі ў Беларусі пачнуцца масавыя пратэсты (удакладняю, у той час, калі яны пачнуцца), то спускавым кручком стане сурёзнае пагаршэнне матэрыяльнага становішча, ці нейкі акт міліцэйскага бяспраўя, або масавы ўсплёск адміністрацыйнага ці міліцэйскага гвалту. Гэта можа быць проста неасцярожны крок уладаў, якая крыху перагне палку ў ціску ды гвалце. Але ў любым выпадку, усё гэта будзе адбывацца на фоне падзення заробкаў і росту коштаў.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў