Мікалая Дзядка душылі падушкай, труцілі газам, збівалі і пагражалі гвалтам


Мікола Дзядок

Дзядка вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 КК). Чалавек, які пагутарыў з Дзядком у ізалятары на Акрэсціна, ананімна распавёў «Медыязоне» пра стан затрыманага.

Сілавікі разбілі акно і ўварваліся ў кватэру анархіста каля 23:00 11 лістапада. Яго адразу пачалі біць і душыць падушкай, каб Мікалай назваў паролі ад сістэмы і тэлеграма. Калі пачаўся вобшук, прывялі суседзяў у якасці панятых, і забаранілі Дзядку з імі размаўляць.

«Падчас вобшуку з нішы з інструментамі дасталі тры бутэлькі, якіх [у кватэры] не было. Ад іх быў вельмі моцны пах бензіну», – узгадаў Дзядок у гутарцы з суразмоўцам.

Пра збіццё пры затрыманні распавядала і адвакатка Наталля Мацкевіч. Абаронца заявіла пра хадайніцтва аб правядзенні судова-медыцынскай экспертызы.

Пасля вобшуку сілавікі вырашылі запісваць відэа. Дзядка затаўкалі ў кладоўку і пусцілі туды слезацечны газ. Потым вывелі на вуліцу і пярцовым газам залілі твар, наўпрост у вочы. Сказалі, што не дадуць памыцца, пакуль ён не скажа на відэа, што трэба.

«Увесь час пагражалі згвалтаваць, памачыцца на яго, казалі, што завязуць у гестапа альбо ў лес», – працягвае крыніца.

Каля паловы на першую ночы Мікалая адвезлі ў менскі ГУБАЗіК МУС. Там яго паклалі тварам у падлогу да раніцы, збівалі дручкамі, электрашокерам і нагамі і патрабавалі паролі і імёны адміністратараў каналаў.

«Бралі бутэлькі, якія нібыта знайшлі ў кватэры, засоўвалі рыльца ў рот, застаўлялі пляваць, а потым размазвалі. Далі падпісаць нейкія паперы», – распавёў суразмоўца.

Потым запісвалі яшчэ адно відэа і пагражалі збіць яшчэ мацней, калі скажа нешта не паводле напісанага загадзя тэксту.

Хто катаваў Дзядка, ён не ведае. Сілавікі пагражалі, што калі ён нешта распавядзе пра іх, то яго ў турме заб’юць.

Зараз Мікалай Дзядок знаходзіцца ў СІЗА №1.

Стужка навінаў