Міхэіл Саакашвілі заявіў аб атрыманні дакументу аб легальным знаходжанні ва Украіне


Былы кіраўнік Адэскай вобласці атрымаў дакумент з міграцыйнай службы.

«Сёння нарэшце атрымаў ад міграцыйнай службы дакумент, які сведчыць, што я знаходжуся на тэрыторыі Украіны легальна. Вядома, я гэтым не задавольваюся, а дамагаюся праз суд права аднавіць маё грамадзянства», – напісаў Міхэіл Саакашвілі ў «Фэйсбуку».

У пацверджанне сваіх словаў ён апублікаваў здымак дакументу. Тэрмін дзеяння выдадзенай даведкі – да 1 снежня 2017 года, але пра што яна сведчыць, са здымку не зразумела.

Пятро Парашэнка пазбавіў Міхаіла Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства ў ліпені 2017 год, пасля таго, як той абвясціў аб сваёй адстаўцы з пасады губернатара Адэскай вобласці і стварэнні палітычнай партыі «Рух новых сілаў». У гэты момант сам Саакашвілі знаходзіўся за межамі Украіны.

У дзяржаўнай міграцыйнай службе Украіны заявілі, што пры атрыманні ўкраінскага пашпарта былы прэзідэнт Грузіі пазначыў ілжывыя звесткі, і не паведаміў пра тое, што знаходзіцца пад следствам і завочна арыштаваны грузінскімі праваахоўнымі органамі.

У пачатку верасня пры падтрымцы сваіх паплечнікаў Міхэіл Саакашвілі змог прарвацца ва Украіну праз КПП «Шегині» на мяжы з Польшчай. Тады падчас сутыкненняў прыхільнікаў Саакашвілі і супрацоўнікаў праваахоўных органаў пацярпелі 22 паліцыянты.

Глядзіце таксама:

Саакашвілі абвінавацілі ў незаконным перасячэнні мяжы, пасля чаго ён падаў у міграцыйную службу запыт на атрыманне палітычнага прытулку. Міграцыйная служба Украіны яму ў гэтым адмовіла, аднак Саакашвілі абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе. Разгляд пазову прызначаны на 12 снежня.

Пасля вяртання ў Украіну Саакашвілі арганізаваў пратэсты супраць уладаў, абвінаваціўшы іх у карупцыі. У канцы кастрычніка ў Кіеве ля сценаў Вярхоўнай рады прыхільнікі Саакашвілі і іншыя апазіцыйныя палітычныя партыі разбілі намётавы лагер, патрабуючы палітычнай рэформы – адмены палажэння аб дэпутацкай недатыкальнасці, стварэння антыкарупцыйнага суду і паправак у выбарчае заканадаўства.

НМ, belsat.eu, фотаздымак са старонкі Міхэіла Саакашвілі ў «Фэйсбуку»

Стужка навінаў