Міхал Анемпадыстаў – пра містычныя супадзенні ў «Народным альбоме»


«Адкуль жа ж ён пра крывую сасну ведаў?» – здзівіўся слухач «Народнага альбому» са Случчыны. Як аўтар тэкстаў Міхал Анемпадыстаў здолеў зрабіць так, што выдуманыя ім людзі, факты і падзеі супалі з рэальнасцю?

Песня «Эх, змагаліся» адсылае нас да Слуцкага збройнага чыну – антыбальшавіцкага паўстання на Случчыне 1920 года. Калі адзін мясцовы жыхар пачуў яе, яго зацікавілі словы: «Пад крывой сасной супыніліся, на сыру зямлю паваліліся». Бо менавіта пад крывою сасною было месца сустрэчаў слуцкіх паўстанцаў.

«Аказваецца, у іх там была крывая сасна, (там яшчэ захавалася такое рэха памяці пра падзеі Слуцкага збройнага чыну). І зноў-такі, са словаў майго сябра, якому сказаў гэты дзядзька мясцовы, што была такая крывая сасна паміж вёскамі, яна стаяла проста ў полі. Тут усё правільна, усё лагічна: крывая сасна ў беларускай народнай культуры, міфалогіі – гэта заўсёды «special place», спецыяльнае месца. І што каля гэтай крывой сасны адбываліся сустрэчы вось гэтых слуцкіх партызан-паўстанцаў», – распавядаў Міхал Анемпадыстаў у праграме «Belsat Music Live».

У 2017 годзе каманда «Belsat Music Live» завітала на канцэрт, прысвечаны 20-годдзю «Народнага альбому», і паразмаўляла за кулісамі з Міхалам Анемпадыставым. Гэта была спроба раскрыць музычны праект з новага, містычнага боку.

У тэкстах «Народнага альбому» шмат супадзенняў з рэальнасцю. Яны такія дакладныя, што нельга не здзівіцца.

Ці існаваў настаўнік Рагойша? Каго слухачы пазналі ў польскіх шпіёнах Лёлеку і Болеку? Ці выпадкова Казік мае прозвішча Пясецкі? Чаму Казік не можа быць без Юзіка? Адкуль аргентынскае танга ў міжваенным Ракаве? Якую песню з альбому вылучае ўласна Міхал Анемпадыстаў? Пра такія рэчы распавядаў спадар Міхал у інтэрв’ю 2017 года.

Міхал Анемпадыстаў тлумачыць такія супадзенні логікаю стылю. Але тады ўзнікае пытанне: як жа ён здолеў гэтак прасякнуцца атмасфераю міжваеннага Ракава?

Міхал Анемпадыстаў памёр 24 студзеня 2018 года. Ён быў паэтам, аўтарам тэкстаў культавага «Народнага альбому», а таксама дызайнерам, графікам, публіцыстам і фатографам.

Таксама ў праграме (відэа ў пачатку артыкула) прагучаць песні «Эх, змагаліся…», «Настаўнік Рагойша», «Два польскіх шпіёны», «Казік», «Аргентынскае танга», «Я, да жалю, ня пан» і «Простыя словы».

Стужка навінаў