Міхаілу Гарбачову – 87 гадоў. Чым займаецца апошні савецкі кіраўнік?


Першы прэзідэнт Савецкага саюзу, які стаў апошнім яго кіраўніком – чым цяпер займаецца гэты чалавек? На якія сродкі жыве? Якія погляды прапагандуе? Журналіст belsat.eu Яўген Балінскі сабраў самую важную інфармацыю пра цяперашняе жыццё экс-палітыка.
Апошнія гады Міхаіл Сяргеевіч, як бачна, не ўдзельнічае ні ў якой палітычнай дзейнасці. Апошнім падобным заняткам у яго было сустаршынства ў неіснуючай цяпер «Сацыял-дэмакратычнай партыі Расеі». Гарбачоў пакінуў партыю яшчэ ў 2004 годзе. Пагаворваюць, што здароўе Міхаіла Сяргеевіча слабее, таму лекцыяў ва ўніверсітэтах краін свету ён амаль не чытае.
Гарбачоў выдаў некалькі кніг мемуараў, дзе шмат распавядае як пра свае «залатыя часы» у сусветнай палітыцы, так і пра жонку Раісу, якую часта ўспамінае з цеплынёй.
У мемуарах шмат кажа пра былыя падзеі, «перабудову», дзе прызнаецца, што гатовы адказваць толькі за тыя рэформы, якія праводзіў асабіста, адзначаючы, што ўсе наступныя гады на яго спрабавалі «павесіць» шмат лішняга.
Пра жонку Гарбачоў кажа шмат. Два гады таму, адказваючы ў эфіры радыё «Эхо Москвы» на пытанне пра самая цяжкая пастанова ў жыцці, Гарбачоў адказаў так:
– Самая цяжкая мая пастанова не закранула масы людзей. Тая пастанова – выбар жонкі. Мы выбралі адно аднаго, нам ніколі не было сумна. Ніколі мы адно аднаму не назалялі, нам заўсёды было лепш удваіх. Сустрэліся мы з ёю на танцах у МГУ, у клубе, дзе людзі пасля вайны любілі займацца бальнымі танцамі.

Спадарыні Раісе Гарбачоў прысвяціў цэлую кнігу, дзе распавядаў пра дачыненні з ёю. У кнізе Гарбачоў намагаецца развеяць гэтак званы міф пра тое, што ягоная жонка ўплывала на прыняцце палітычных пастановаў, Міхаіл Гарбачоў адзначае, што яму самому даводзілася пастанаўляць і за сябе, і за яе. Раіса Максімаўна памерла ў 1999 годзе. У шлюбе з Гарбачовым яны пражылі 46 гадоў.

На якія грошы жыве Гарбачоў?

За час кіравання Гарбачова залаты запас Савецкага Саюзу паменеў у 10 разоў, а вонкавыя пазыкі павялічыліся ўтрая, у сувязі з чым у 90-ыя гады хадзіла шмат чутак пра незлічоныя багацці кіраўніка. Аднак ні следчым, ні незалежным даследнікам гэтак і не ўдалося выйсці на «золата партыі». Ніякіх слядоў крымінальнага ўзбагачэння не знайшлі.
Сайт «Дни.ру» паведамляе, што адзінай афіцыйнай крыніцай прыбытку былога прэзідэнта СССР застаецца пенсія. Яна складае 40 мінімальных памераў аплаты працы ў цяперашняй Расеі, што на сённяшні дзень складае прыкладна 360 тысяч расейскіх рублёў (каля 5 тысяч еўра) у месяц.
Існуе таксама «Гарбачоў-Фонд», створаны ў 90-я гады для даследавання сацыяльных, эканамічных і палітычных праблем расейскай і сусветнай гісторыі, які, мяркуецца, падтрымліваюць з Нямеччыны.
Цяпер Гарбачоў лекцый амаль не чытае, аднак раней ён шмат выступаў у сусветных і расейскіх універсітэтах. Сумы ганарараў не апублікаваныя, але звычайна за такія выступы плацяць дзясяткі тысяч долараў.
Забаўна, што Гарбачоў яшчэ і чалавек сцэны. Ён зняўся ў шэрагу рэкламных ролікаў заходніх кампаніяў, як Аўстрыйскія чыгункі, піцэрыя «Pizza Hut», брэнд «Louis Vuitton».
У 2004 годзе атрымаў вышэйшую музычную ўзнагароду планеты – прэмію «Грэмі». За ўдзел у запісу казкі Пракоф’ева «Пеця і воўк» узнагародай адзначылі Міхаіла Гарбачова, Біла Клінтана і Сафі Лёрэн. А яшчэ Гарбачоў зняўся ў шэрагу мастацкіх і дакументальных фільмаў.

Станіслаў Шушкевіч: «Праз выступы Гарбачова пасля Чарнобылю пацярпелых у Беларусі апынулася больш, чымся магло быць»

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, Станіслаў Шушкевіч, пагадзіўся пракаментаваць «Белсату» з нагоды дня нараджэння Гарбачова:
– Ён не бядуе. У яго ёсць фонд, які, напэўна, падтрымліваюць немцы, у якіх ёсць усе падставы яго любіць – Гарбачоў Еўропе зрабіў добрую справу. Цяпер ён часам дае інтэрвʼю і нават лічыць сябе вінаватым у распадзе Савецкага саюзу, – кажа Шушкевіч.
Яшчэ Станіслаў Станіслававіч успамінае пра свой галоўны папрок у адрас Гарбачова:
– Выступ пасля Чарнобыля па ўсесаюзным тэлебачанні, праз гэты выступ у Беларусі пацярпелых сёння значна больш, чым магло б быць. У той сітуацыі Гарбачоў паступіў як камуніст, а не як чалавек. Гэта было ў траўні 1986 года.
У сукупнасці пра ролю Міхаіла Гарбачова ў гісторыі Шушкевіч кажа традыцыйна станоўча:
«Бясспрэчна, ён быў прагрэсіўным дзеячам, спрыяў абʼяднанню Нямеччыны. За гэта яму можна паставіць помнік. Што да ягонага стасунку да Белавежскага пагаднення – мірнага бяскроўнага распаду СССР, ён да гэтага ставіўся адмоўна. Мне здаецца, ён не зразумеў, што гэта прагрэсіўная зʼява. Апошнім часам я чую, што яму здаецца, быццам ён вінаваты ў распадзе Савецкага Саюзу. Я думаю, гэта не так», – сказаў на канец беларускі палітык.

Пуцін, Крым ды Украіна

У рэдкіх інтэрвʼю заходнім СМІ Гарбачоў прасоўвае думку пра палітыку Пуціна, якая «скоўвае», несвабодную прэсу ў Расеі:
– Вы бачыце крокі наступу на дэмакратыю – гэта і ёсць самае галоўнае скоўванне. Так званая свабодная прэса – прэса буйных карпарацый, а карпарацыі – звязаныя цесна з урадам.
Міхаіл Гарбачоў пазбягае аднаскладовага адказу на пытанні аб прысутнасці расейскіх вайскоўцаў на Данбасе або далучэнні Крыму:
«Вы хочаце, каб я вам адказаў так ці не? У мяне маці – украінка, бацька – расеец. Мая нябожчыца жонка – украінка. Вось што такое нашае грамадства. Украіна як дзяржава з’яўляецца пры савецкай уладзе, а да гэтага была тэрыторыя. Аднак калі ў парламенце Расеі прымаліся Белавежскія пагадненні, ніхто ані словам не згадаў пра Крым. Трэба было тады абмяркоўваць лёс Крыму, за які стагоддзямі клаліся расейцы», – зазначае Гарбачоў у інтэрвʼю брытанскаму тэлеканалу.
Вядома таксама цёплае стаўленне Міхаіла Гарбачова да Аляксандра Лукашэнкі. Аднак на адной з расейскіх прэс-канферэнцыяў у 2012 годзе Гарбачоў сказаў, што Лукашэнку псуе залішняя самаўпэўненасць:
– Я і за сабой гэта заўважаю, – кажа ён . – Але гэта псуе чалавека. Як быццам у Беларусі ўжо каралеўства. Узяў за рукі Колю і рыхтуе сабе змену! – дадае Гарбачоў.
Яўген Балінскі, belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары