Міхаіл Чыгір: Калі мы не здабудзем падтрымання ад МВФ і Расеі, цяжка ўявіць, што будзе ў Беларусі


Пра тое, чым жыла Беларусь у мінулым годзе і з чым ідзе ў новы, – размова з былым прэмʼер-міністрам Міхаілам Чыгіром.

 

Якія асноўныя палітычныя і эканамічныя падзеі паўплываюць на нас у 2016 годзе?

– Пазітыўны момант, што выпусцілі палітвязняў. Мне падавалася пасля гэтага адбудзецца яшчэ шэраг пазітыўных зменаў у вобласці палітыкі і эканомікі. Але, на жаль, больш нічога пазітыўнага не адбылося.

Што датычыць эканомікі – усе мінулыя гады мы жылі за кошт грашовых уліванняў. Вельмі вялікую дапамогу давала Расея, міжнародныя фінансавыя інстытуты. Мы закрэдытаваліся на міжнароднай арэне і ў Расеі. Прыйшоў перыяд, калі нам даводзіцца жыць за кошт сваіх сродкаў. І гэты момант – адсутнасць вонкавага падтрымання паставіў нас у вельмі цяжкую сітуацыю. Калі мы не атрымаем падтрыманне ад МВФ і Расеі, мне цяжка прадставіць, што будзе ў Беларусі. Урад на гэта не рэагуе, і гэта для мяне не зусім зразумела. Таму што яно павінна пралічваць, што мы будзем рабіць, калі нам не дадуць. Мы настолькі не гатовыя да новага году, але пазітыўнае тое, што ўпершыню Лукашэнка пачаў адчуваць гэту небяспечнасць, што будзе, калі нам ніхто не дапаможа.

Наколькі верагодна, што МВФ дасць крэдыт і што Лукашэнка выканае свае абяцанні?

– Каб атрымаць крэдыт, ён будзе змушаны выконваць гэтыя патрабаванні… Усе грошы, якія мы выдаем на датацыю, трэба аддаць людзям. Не трэба на ўтрыманне сілавых структураў, на будову палацаў ды іншыя невытворчыя выдаткі, трэба прапусціць праз людзей. І магчыма мы будзем змушаныя гэта рабіць, каб атрымаць крэдыт. Але зноў жа такі самае небяспечнае – атрымаем крэдыт, і зноў ён сыдзе ў пясок.

Што меў на ўвазе Лукашэнка, калі казаў, што нас чакае вельмі цяжкі год?

– Нягледзячы на падзенне курсу нацыянальнай валюты, нягледзячы на рост коштаў, у нас адбываецца зніжэнне заробкаў. У Менску не так адчувальна, але ў раёнах, у сельскай мясцовасці бачна кожнаму без аналізаў і статыстыкі. Ён бачыць гэта і ён кажа, але нічога не робіцца. Гэтыя неверагодныя бюджэтныя выдаткі на другасныя патрэбы, МУС, армія, спецслужбы.

Да чаго рыхтавацца беларусам у новым годзе?

– Да інфляцыі. У крамах нават пачалі зніжацца цэны на некаторыя прадукты, таму што людзі не купляюць. Стратнымі становяцца гандлёвыя цэнтры, вытворнікі прадукцыі, і гэта катастрофа.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў