Міхаіл Бабіч распавёў пра спектр інтарэсаў Расеі ў Беларусі


Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч з рабочым візітам накіраваўся ў Берасце. У горадзе над Бугам пасол наведаў расейскае консульства, расейскі цэнтр навукі і культуры, а таксама прадпрыемствы «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт».

Гэты не першы візіт па нашай краіне Міхаіла Бабіча, надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Расеі ў Беларусі, спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта РФ па развіццю гандлёва-эканамічнай супрацоўніцы з РБ, паведамляе сайт пасольства Расеі ў Беларусі. Тыдзень таму Бабіч наведваў Гарадзеншчыну.

Расейскі амбасадар падчас візіту ў Берасце заўважыў, што спектр інтарэсаў Расеі ў Беларусі досыць шырокі, паведамляе Спутнік. Міхаіл Бабіч распавёў пра мэту сваіх паездак па беларускіх рэгіёнах.

«У першую чаргу мы вывучаем прадпрыемствы, дзе ёсць расейскі капітал ці ёсць вялікі аб’ём кааперацыі з расейскімі прадпрыемствамі, вялікі абʼём рэалізацыі на расейскім альбо на беларускім рынках. Але, вядома, нам яшчэ трэба будзе рэалізаваць вялікі абʼём працы ў гуманітарнай супрацы, адукацыі, культурным абмене, пытаннях, звязаных з моладзевай палітыкай, і шматлікіх іншых. Галоўнае, каб строга выконваліся даручэнні кіраўнікоў нашых дзяржаў, а прынятыя рашэнні ішлі на карысць грамадзянам Расеі і Беларусі», – адзначыў амбасадар Расеі.

Таксама Бабіч распавёў, што адным з прыярытэтных для Расеі зʼяўляецца візавае пытанне для грамадзянаў трэціх краін, якое, спадзяецца амбасадар, будзе хутка вырашана. Паводле яго словаў праблема паўстала пасля падпісання Аляксандрам Лукашэнкі указа пра «бязвіз», паводле якога грамадзяне каля 80 краінаў атрымалі права на бязвізавы ўезд у Беларусь тэрмінам ад 5 да 30 сутак. Пасля гэтага Расея на мяжы з Беларуссю стварыла памежныя зоны, каб не дапусціць пранікнення ў РФ непажаданых замежных грамадзянаў.

«З 67 краінамі ў Расейскай Федэрацыі існуе візавы рэжым, таму ўведзеныя правілы, калі грамадзяне трэціх краін трапляюць у нашу краіну праз міжнародныя пункты пропуску. Зараз у высокай стадыі гатовасці праект пагаднення аб узаемным прызнанні візаў, ён праходзіць стадыі ўзгаднення і ў Расеі, і ў Беларусі. У бліжэйшы час, спадзяюся, падпішам дамову, згодна з якой грамадзяне трэціх краін у межах Саюзнай дзяржавы змогуць перамяшчацца па адной візе, якую яны атрымаюць альбо ў Беларусі, альбо ў Расеі», – заявіў Міхаіл Бабіч.

Hавiны
На мянушку БМВ. Пяць малавядомых фактаў пра Міхаіла Бабіча
2018.08.24 11:50

У снежні Берасце стане месцам сустрэчы беларускага прэм’ер-міністра Сяргея Румаса з расейскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым. Кіраўнікі ўрадаў маюць абмеркаваць пытанні, якія яшчэ не ўзгодненыя на вышэйшым узроўні.

СК, belsat.eu

 

Стужка навінаў