Мігранцкі крызіс: Нямеччына ўзмацняе правілы, Грэцыя не хоча быць перавалачным пунктам


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/HyraXM4dE3s?t=1m5s”][vc_column_text]Сёння ў сталіцы Еўразвязу міністры ўнутраных справаў краін-чальцоў ЕЗ вырашалі, як спыніць хвалю ўцекачоў і развязаць мігранцкі крызіс.

Тысячы мігрантаў на грэцка-македонскай мяжы. У той час, як Македонія зачыніла свае межы для афганскіх уцекачоў, тысячы сірыйскіх мігрантаў чакаюць на грэцка-македонскай мяжы, каб пакінуць Грэцыю ды ісці далей. Праз халоднае надворʼе многія дзеці, якія спяць разам са сваймі бацькамі на вуліцы, захварэлі.

«Я не магу сабе ўявіць, 10 тысяч чалавек прыязджае сюды сёння ці заўтра! Гэта будзе вялікай праблемай, вы нават не можаце сабе ўявіць якой. Тут няма добрага месца для начлегу і вельмі халодна», – кажа Азіс, перасяленец з Алепа.

У чарговы раз дзеля развязання мігранцкага крызісу, міністры ўнутраных справаў краін-чальцоў Еўразвязу ды прадстаўнікі НАТО сабраліся ў Бруселі. Адно з галоўных пытанняў, якое сёння абмяркоўвалі ў сталіцы ЕЗ – абавязковае зняцце адбіткаў пальцаў усіх мігрантаў і дэпартацыя тых, у каго няма з сабой пашпартоў.

«Праблемы мігрантаў вырашаюцца за кошт іншых краінаў, такіх як Нямеччына. Гэта непрымальна, і мы не будзем мірыцца з гэтым у доўгатэрміновай перспектыве. Наша агульная мэта – умацаваць знешнюю мяжу паміж Грэцыяй і Турцыяй да такой ступені, каб колькасць уцекачоў значна знізілася», – заяўляе Томас дэ Мэзьер, міністр унутраных справаў Нямеччыны.

У сваю чаргу прэмʼер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас напярэдадні прыгразіў заблакаваць працу Еўразвязу, калі Брусель ўшчыльную не зоймецца праблемай і рэальным размеркаваннем мігрантаў па краінах Еўразвязу:

«Некаторыя краіны, здаецца, не разумеюць, што нашыя агульныя пагадненні мусяць альбо выконвацца, альбо гэтых пагадненняў проста не існуе. Мы адмаўляемся перарабляць Грэцыю ў пастаянна дзеючы перавалачны пункт чалавечых душ, і ў той жа час працягваць »супрацоўніцтва« з Еўрапейскім звязам і ўдзельнічаць у яго самітах, як быццам нічога не адбываецца», – кажа Цыпрас.

Асноўны цяжар мігранцкага крызісу ў абʼяднанай Еўропе прыняла на сябе Нямеччына – летась у краіну прыехала больш за мільён мігрантаў. Згодна з унутраным прагнозам нямецкага Мінфіну, да 2020 году Нямеччына прыме на сваёй зямлі больш за тры з паловай мільёну замежных грамадзянаў. Каб развязаць гэтыя праблемы, сёння ў Бундэстагу дэпутаты прагаласавалі за ўзмацненне правілаў перабывання для мігрантаў.
А ўчора ў Вене Аўстрыя і шэраг балканскіх краінаў дамовіліся скараціць колькасць квотаў на размяшчэнне мігрантаў. На думку дэпутата Еўрапарламенту Я́раміра Шцеціна, адсутнасць кансалідацыі ў развязанні мігранцкага крызісу ў Еўропе сярод краінаў Шэнгену не можа быць карыснай ні для воднага з бакоў.

«Гэтая палітыка не прывядзе да добрых вынікаў. Гэта будзе толькі пачаткам унутранага крызісу ў Еўразвязе», – лічыць Шцеціна.

Унутраны крызіс прызнае і само кіраўніцтва краінаў-чальцоў Еўразвязу. Міністр замежных справаў Люксембургу Жан Асэльборн заявіў у Бруселі, што Еўрапейскі звяз больш не мае выразнай лініі ў пытаннях мігрантаў ды ўсё больш ідзе да анархіі.

Віталь Бабін

Стужка навінаў