«Турфірмы павінныя вазіць туды турыстаў». Ігар Мельнікаў пра Курапаты


З нагоды 25-годдзя дыпламатычных дачыненняў Беларусі і Польшчы мы у “ПраСвеце” паразмаўлялі з даследнікам беларуска-польскай гісторыі Ігарам Мельнікавым пра тое, што дзеліць, а што аб’ядноўвае нас з заходнімі суседзямі.

Сяргей Пеляса: Што здарылася, што тваю выставу, прысвечаную беларусам у Польскім войску, падтрымала амбасада Беларусі ў Польшчы і амбасада Польшчы ў Беларусі?

Ігар Мельнікаў: Мяркую, паляпшэнне стасункаў паміж нашымі дзяржавамі. У апошні год мы бачым актыўнае пацяпленне дачыненняў: афіцыйныя чыноўнікі на самым высокім узроўні ездзяць з Польшчы ў Беларусь, нашыя парламентарыі ездзяць у Польшчу.

І тут самым простым з усіх момантаў палепшыць нашыя стасункі з’яўляецца як раз культура і гісторыя – тое, што нас абʼядноўвае.

А нават калі мы маем нейкія пытанні адзін да аднаго – мы можам дыскутаваць. У гэтай сферы ніхто не будзе мець вялікіх супярэчнасцяў: дыскусія гісторыкаў – навуковая, а не дзяржаўная, на палітычным узроўні.

А якія гістарычныя тэмы аб’ядноўваюць нас з палякамі?

Нас безумоўная аб’ядноўвае тэма цяперашняй выставы – удзел беларусаў у змаганні з фашызмам у складзе Польскага войска з 1939 па 1945 год.

Выстава «Беларусы ў Польскім войску» распавядае пра ўдзел беларусаў вайне Польшчы з Нямеччынай. Экспазіцыя адкрылася ў Варшаўскай цытадэлі напрыканцы лютага.
Фота: Яраслаў Іванюк

Нас безумоўна аб’ядноўваюць такія ключавыя асобы як Тадэвуш Касцюшка, як розныя паўстанні і г. д.

Але да сённяшняга дня ёсць моманты, якія нас раз’ядноўваюць: напрыклад, як Армія Краёва, як Бяроза Картузская, як падзеі 17 верасня і беларускі Катынскі спіс.

Адна з актуальных справаў сёння – ахова ўрочышча Курапаты, месца масавага забойства ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Наколькі гэтая справа высветленая ў гістарычным сэнсе?

Справа Курапатаў не высветленая да сёння. Там праводзіліся даследаванні і эксгумацыі, але гэтая тэма перайшла ў зону палітыкі. Сама трагедыя проста знікла – распачалася палітычныя барацьба.

І цяпер, калі ёсць пацяпленне паміж Польшчай і Беларуссю, вельмі важна нават не столькі па дыпламатычных момантах, колькі для самога беларускага грамадства высветліць гістарычную праўду тых падзеяў. Зрабіць акцэнт не на тым, хто расстрэльваў, а на тым, хто там ляжыць і чаму беларус не павінен ісці на шашлыкі ў гэты лес.

Варта памятаць, чаму тая трагедыя адбылася, хто расстрэльваў у Курапатах і – самае галоўнае – каго расстрэльвалі. Таму вельмі важна цяпер дзеля гэтага працаваць гісторыкам, а не палітыкам.

Які польскі след маюць Курапаты?

Безумоўна, Курапаты непасрэдна звязаны з Польшчай. І мова тут нават не пра беларускі Катынскі спіс, а пра так званую польскую аперацыю НКУС 1938-га, калі расстрэльваліся грамадзяне БССР польскага паходжання з Дзяржынскага аўтаномнага раёну, з Заслаўя.

Пазней быў 39-ы і 40-ы, калі ў Менск вывозілі грамадзянаў Польшчы, і там яны пачалі знікаць.

Ёсць вядомы грабеньчык з надпісам па-польску пра смутныя гадзіны, датаваныя вясной 40-га году, на якім пазначанае месца – Менск.

Ці ты сустракаўся з меркаваннямі, што Курапаты – «беларуская святыня», што палякам «лепш не ўмешвацца»?

На «Фэйсбуку» мяне часта крытыкуюць за нейкую «прапольскую» пазіцыю. Насамрэч, я паказваю тую трагедыю не дзеля Польшчы, а для Беларусі.

Калі беларус-грамадзянін Польшчы пераходзіў польскую мяжу, ратуючыся ад паліцыі, трапляў у рукі НКУС і яго расстрэльвалі ў Курапатах, ён не пераставаў быць беларусам, хоць і меў польскі пашпарт пры сабе.

Момант польскасці можа дапамагчы беларусам зразумець маштаб трагедыі, таму што палякі пільнуюць свае месцы памяці і шануюць памяць пра кожнага чалавека. Безумоўна, найбольш важныя для іх палякі, але яны памятаюць і беларусаў, і расейцаў, і габрэяў, калі яны станавіліся ахвярамі рэпрэсіяў.

Тут не варта рабіць акцэнт на нацыянальнасці. Гэта беларускае месца памяці, але ляжаць там прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. І калі там быў забіты расеец – гэта не азначае, што яго не варта памятаць.

Чаму наагул варта памятаць тую трагедыю?

Большасць нашых праблемаў беларускага грамадства – праз тое, што мы не ведаем гісторыі.

Варта памятаць, каб не паўтараць памылак таго мінулага.

Мы павінныя памятаць тых людзей, каб ушанаваць іх памяць. Кажуць, што вайна працягваецца, пакуль не пахаваны апошні жаўнера – магчыма, кепскае, сталінскае, мінулае працягваецца і сёння таму, што мы не памятаем пра тых ахвяраў і не хочам аддаць ім даніну памяці, пахаваць іх па-чалавечы, прыйсці туды не з мітынгам апазіцыі, а проста, па-чалавечы прызнаць гэты мемарыял, каб турыстычныя фірмы пачалі вазіць туды беларускіх турыстаў, якія б разумелі, што там ляжыць колер беларускай нацыі.

Глядзіце выпуск праграмы “ПраСвет” цалкам:

Размаўляў Сяргей Пеляса

Фота: Яраслаў Іванюк, «Польскае радыё»

Стужка навінаў